Ролікі «1984» Аляксандра Абразцова і «Множныя розумы Білі Мілігана» Аліны Старковай будуць змагацца за прызы шостага па ліку кінафоруму, які традыцыйна праходзіць у амэрыканскім Бэвэрлі Гілз. Пра гэта паведамляе служба камунікацыяў velcom.
Журы iPhone Film Festival, у якое ўваходзяць прафэсіяналы з розных галінаў кінаіндустрыі, вызначыць пераможцаў у пяці намінацыях: найлепшы фільм, апэратарская праца, музычнае відэа, анімацыя, дакумэнтальны фільм. Канчатковыя вынікі будуць агучаныя ў лістападзе.
Апроч таго, ролікі-пераможцы velcom Smartfim таксама зацікавілі арганізатараў яшчэ аднаго міжнароднага кінафэстывалю — Super 9 mobile film fest, які праходзіць у Партугаліі. Працы Аляксандра Абразцова і Аліны Старковай уключаныя ў асноўны конкурс і прэтэндуюць на прызы журы і глядацкіх сымпатыяў.
Партугальскі фэстываль доўжыцца 9 месяцаў. Роўна столькі часу ёсьць у рэжысэраў, каб паказаць свае фільмы і пазнаёміцца са сваім гледачом, які можа прагаласаваць за ўпадабаныя працы. Пераможцы конкурсу будуць абвешчаныя пры канцы году ў сьнежні, тады ж яны атрымаюць прызы журы, у склад якога, у прыватнасьці, уваходзяць прадусар фільмаў Стэнлі Кубрыка Ян Харлан і крэатыўны дырэктар, уладальнік двух дзясяткаў «Канскіх львоў» Жуан Куціньё.