Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што за «дармаеды» прыйшлі на прыём да намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта ў Рагачове


Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ўскалыхнуў грамадзтва ажно да пратэставых настрояў. У народны лексыкон вярнулася слова з савецкіх часоў — «дармаед». І ўжываецца яно ня толькі на адрас тых, хто атрымаў так званыя «лісты шчасьця» з патрабаваньнем выплаціць 360 рублёў на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Але й на адрас ініцыятараў і выканаўцаў дэкрэту.

«Дармаедзкі» падатак вышэйшы, чым месячны заробак

У райцэнтры Рагачоў, што на Гомельшчыне, узровень беспрацоўя, паводле афіцыйных статыстычных зьвестак, складае ўсяго адзін адсотак ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Наяве гэта каля 200 чалавек. Аднак паведамленьняў падаткоўцы разаслалі ў разы болей.

У райвыканкам на прыём да першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максіма Рыжанкова 17 лютага жыхарка райцэнтру Валянціна Чарнышова прыйшла з мужам.

Яны гадуюць дваіх дзяцей. Валянціна амаль дваццаць гадоў працавала ў дзіцячых садках памочніцай выхавацеля. Цяпер на сталай аснове ўладкавалася дворнікам. Але ў 2015 годзе афіцыйна яна працавала толькі 174 дні — і атрымала «ліст шчасьця» з падатковай інспэкцыі.

«У мяне не хапае да вызначанай дэкрэтам нормы дзевяць дзён, — распавядае Валянціна. — Прыслалі паведамленьне, што я павінна заплаціць 292 рублі падатку на дармаедзтва. А дзе мне іх узяць? Заробкі маленькія. Пры канцы сьнежня я зьвярнулася ў райвыканкам — на той час яшчэ не было паправак у дэкрэце пра цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі. Накіравалі мяне ў фінансавы аддзел. Там запатрабавалі напісаць заяву, прыкласьці працоўныя дамовы мае і мужа, даведкі пра заробкі. Да нас дадому прыяжджала камісія. І ўжо ў студзені атрымала ліст з райвыканкаму, што мне адмоўлена ў вызваленьні ад выплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Таму мы й прышлі на прыём да прадстаўніка Адміністрацыі прэзыдэнта».

Падчас прыёму
Падчас прыёму

Валянціна тлумачыць, што за працу дворнікам яна атрымлівае 230 рублёў. Муж у дзіцячым садку займаецца гаспадарчымі справамі, зарабляе 260 рублёў. Дачка-студэнтка знаходзіцца ў акадэмічным адпачынку з прычыны нараджэньня дзіцяці. Выжываць надзвычай складана, бо «дармаедзкі» падатак вышэй, чым месячны заробак Валянціны.

«На прыёме Максім Рыжанкоў сказаў, — дзеліцца ўражаньнямі жанчына, — што наўпрост ня мае права вызваліць мяне ад платы збору. Але мясцовым кіраўнікам наказаў: калі яго голас будзе мець вагу пры новым разглядзе маёй сытуацыі на камісіі райвыканкаму, то ён за мяне. Я задаволена вынікам размовы, але не задаволена, як і многія рагачоўцы, самім дэкрэтам — ён скубе ўсіх пад адзін грэбень. І калі б пра прыём было шырока абвешчана, прыйшлі б многія».

«Я не сяджу дома, не фарбую пазногці»

У Юлі Базарны свая гісторыя. Па адукацыі яна — юрыст. Знайсьці працу ў райцэнтры ня можа. Не разумее, з чаго і як сплаціць падатак на дармаедзтва.

«Я не сяджу дома, не фарбую пазногці, — тлумачыць Юлія Аляксандраўна. — Даглядаю 90-гадовую бабулю, былога вязьня канцэнтрацыйнага лягеру. Яна ўжо ў такім узросьце, што ад яе запалкі трэба хаваць. Жыву на пэнсію бабулі й дапамогу бацькоў. Грошай, каб плаціць збор па дэкрэце, у мяне няма».

«Дачка сказала: „Павешуся“»

На прыём на сталічнага чыноўніка хацела патрапіць і пэнсіянэрка Валянціна Кавалькова з аграгарадка Доўск. Не за сябе прыехала хадайнічаць, а за дачку — тая бяз працы й таксама ня можа сплаціць падатак.

«Мяне не пусьцілі на прыём, сказалі, што дачка сама павінна прыехаць, — скрушна заўважае Валянціна Міхайлаўна. — Па праўдзе кажучы, у маёй Марыі нават грошай няма, каб куды-небудзь паехаць».

Жанчына апавяла, што дачка мае спэцыяльнасьць дызайнэра і сакратара-машыністкі з бухгальтэрскім улікам. Нічога гэтага ў аграгарадку не спатрэбілася. Дый рынак працы скараціўся, які і ў самым Рагачове. Быў калісьці хлебазавод — ня стала. Закрыліся цагляны і малаказаводы. Нават аўтастанцыю закрылі — аддалі над краму, пакінуўшы невялічкі пакойчык для выдачы білетаў.

Доўскі аўтавакзал ператварыўся ў краму
Доўскі аўтавакзал ператварыўся ў краму

«І як жыць? У мяне пэнсія 260 рублёў і дачка атрымлівае невялікія алімэнты на сваю 9-гадовую дзяўчынку — вось і ўсе нашыя даходы. Дачка прыяжджала раней у падатковую інспэкцыю. Адтуль адправілі ў райвыканкам, а тут сказалі зьбіраць даведкі. Дэкрэт гэты мы не падтрымліваем і не чулі, каб хто падтрымліваў. Дачцэ ўсюды кажуць: „Ты павінна працаваць“. А хто ж супраць — дай, дзяржава, працу!»

Шасьцідзесяцігадовая пэнсіянэрка на нейкі момант замаўчала і ўжо праз сьлёзы дадала: «Дачка неяк мне ўжо сказала: „Павешуся“. Я давай прасіць: „Дачушка, ты што ж такое кажаш! А хто ж тваё дзіця глядзець будзе глядзець? Я ж старая, памру хутка“. Ледзьве адгаварыла».

«Каб чалавек не адчуваў сябе адкінутым дзяржаваю»

У Рагачове Максім Рыжанкоў заяўляў, што галоўны сэнс дэкрэту № 3 заключаецца ў стымуляваньні грамадзянаў паказваць даходы і плаціць падаткі, удзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў. Найпершая ж задача мясцовых органаў у гэтай справе заключаецца ў пошуку й працаўладкаваньні людзей, якія маюць у гэтым патрэбу:

«Няма задачы ўсіх дубінай прымушаць да выкананьня дэкрэту. Трэба ўнікнуць у становішча кожнага чалавека і дапамагчы кожнаму вырашыць ягонае пытаньне такім чынам, каб чалавек не адчуваў сябе адкінутым дзяржаваю».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG