Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўсе памірыліся, пасябравалі». Рыгор Сітніца пераабраны на старшыню Саюзу мастакоў

14 сьнежня на чарговым зьезьдзе ў Менску грамадзкага абʼяднаньня «Беларускі саюз мастакоў» старшынёй пераабраны Рыгор Сітніца.

14 сьнежня на чарговым зьезьдзе ў Менску грамадзкага абʼяднаньня «Беларускі саюз мастакоў» старшынёй пераабраны Рыгор Сітніца.

Ягоная кандыдатура набрала каля 80 адсоткаў галасоў.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыгор Сітніца сказаў, што зьезд вельмі актыўна падтрымаў ягоную лінію на паразуменьне, прымірэньне і сяброўства, якую ён праводзіў цягам апошніх трох гадоў.

«Здаецца, гэта атрымалася. Тры гады таму саюз быў на вельмі небясьпечнай рысе расколу, разлому. Цяпер за тры гады ўсё сьціхамірылася. Мы ўсе памірыліся, пасябравалі. Ну і дзякуй богу».

Якія мэты старшыня саюзу Рыгор Сітніца ставіць на бліжэйшыя тры гады?

«Захоўваць тое, што ёсьць. Не зьніжаць найперш мастацкага патэнцыялу. Бо параўнальна нават з папярэднімі гадамі мы яго значна падвысілі. І якасна, і колькасна. Таму галоўная задача палягае ў тым, каб утрымаць тое, што маем. Таму што ведама, што цяпер даволі сурʼёзны крызіс, і гэтыя тры гады было вельмі складана выжываць. Аднак жа мы захаваліся як дзеяздольная арганізацыя па ўсіх пазыцыях. І па творчых, і па эканамічных. То бок задача — захоўваць тыя пазыцыі. І калі нейкія новыя прыдбаюцца, то тым болей».

Рыгор Сітніца сказаў, што саюз захаваў многа маёмасьці, якую мёў за савецкім часам.

«Мы будаваліся самі, на свае грошы. Таму гэта засталося, і мы з гэтага ўсё яшчэ карыстаемся. Гэта ня значыць, што мы тут як у масьле. Не, складана, бо вельмі дорага каштуюць нашы майстэрні і мастакам дужа цяжка выжываць. Аднак жа мы рабілі тое, што робім, і будзем дамагацца ў дзяржавы большага паразуменьня, каб яны ўсё ж такі зьнізілі гэтыя шалёныя кошты. Зрэшты, сурʼёзны прарыў у гэтым ёсьць, і нам паабяцаныя зь лютага прынцыповыя зьніжкі па аплаце нашых працоўных месцаў. Ёсьць паразуменьне і на ўзроўні Савету міністраў, парлямэнту і розных міністэрстваў».

Паводле Рыгора Сітніцы, саюз мастакоў — арганізацыя талерантная.

«Бо ў нас — ад прыхільнікаў клясычнага рэалізму да канцэптуалістаў і мастакоў розных актуальных плыняў. У нас усё гэта ёсьць. І ніхто ні з кім не ваюе, усе ўжываюцца і ўсе маюць падтрымку з боку кіраўніцтва саюзу і будуць мець. Бо незалежна ад таго, хто ў якой стылістыцы працуе, кожны мае сваю мастацкую праўду і мае права гэтую праўду сьцьвярджаць. А ўжо Бог і час разьбяруцца, чыя праўда станецца мастацкай ісьцінай. Таму мая задача — спрыяць усім максымальна выказаць сябе. А калі мастак выкажа сябе, тым ён мае шанец замацаваць нашу нацыю ў вечнасьці. Бо нацыя найперш праз мастацтва замацоўваецца».


Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG