Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі паехалі ў народ: перад Маршам дармаедаў памочнікі Лукашэнкі праводзяць сустрэчы ў рэгіёнах


Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў на прыёме грамадзян у Рагачове

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максім Рыжанкоў сустракаўся з грамадзянамі ў Рагачове; намесьнік кіраўніка адміністрацыі Мікалай Снапкоў — у Бабруйску; памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар Гарадзенскай вобласьці Сяргей Раўнейка — у Ваўкавыску. Учора ў Жодзіне сустрэчу з грамадзянамі правяла кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў у Рагачове сёньня заявіў, што ва ўладаў «няма задачы ўсіх з дубінай прымушаць выконваць дэкрэт нумар 3».

«Галоўная ідэя дэкрэту № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства“ — стымуляваць людзей выплочваць падаткі, паказваць свае даходы».

Максім Рыжанкоў прызнаў, што агульная сума збору па фінансаваньні дзяржаўных расходаў у маштабах бюджэту будзе невялікай.

На прыём да Рыжанкова запісаліся амаль паўтара дзясятка чалавек.

Грамадзкі актывіст Дзяніс Дашкевіч, які першым зайшоў у кабінэт, распавёў, што ў яго адукацыю як музыканта дзяржава ўклала значныя сродкі. Ён сказаў, што падчас вучобы ў Гомельскім музычным каледжы нават атрымліваў прэзыдэнцкую стыпэндыю і быў ляўрэатам міжнародных конкурсаў. Цяпер у Рагачове для яго няма працы па спэцыяльнасьці. Прычына, як кажа сам Дашкевіч, — «самадурства былых начальнікаў ад культуры». Цяпер актывіст мусіць займацца іншай справай, не зьвязанай з профільнай адукацыяй, а па сутнасьці, працаваць на суседнюю дзяржаву.

Рагачовец Валянцін Кавалькоў у 2015 годзе працаваў толькі два месяцы. Цяпер ён заняты ў ахове. Жонка працуе на хлебазаводзе, сямʼя гадуе дваіх дзяцей. Заробкі малыя. Кавалькоў сказаў Рыжанкову, што ён ня ў стане плаціць падатак за «дармаедзтва», прасіў вызваліць яго ад збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.

На прыём у Рагачоў прыехалі двое жыхароў Буда-Кашалёўскага раёну, скардзіліся на тамтэйшае начальства, няўважлівае да людзкіх праблем. Адзін зь іх — былы дырэктар КСУП «Уваравічы» Сяргей Шаўчук. Ён цяпер застаўся бяз працы і неўзабаве, паводле яго, застанецца бяз даху над галавой. Прыватызаваны ў свой час дом у яго зьбіраюцца забраць.

Па заканчэньні прыёму Максім Рыжанкоў заявіў:

«Мясцовыя ўлады не павінны баяцца вырашаць праблемы людзей. Калі патрэбна, то і кансультавацца ў гэтай справе зь Менскам».

XS
SM
MD
LG