Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель ліхаманіць ад новага мэханізму курсаўтварэньня


Насуперак прагнозам экспэртаў, якія прадказвалі, што курс беларускага рубля да даляра ўздымецца на ўзровень 15 500 толькі да канца 2015 году, гэта фінансавая вяршыня фактычна скораная ўжо ў першым паўгодзьдзі.

Па выніках сёньняшніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы і пазабіржавых зьдзелак юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў з банкамі афіцыйны курс вызначаны на ўзроўні 15 412 рублёў — даляр падаражэў амаль на 100 рублёў. Агулам рубель аслабеў да кошыка валют на паўпрацэнта. Бягучы курс куплі даляра некаторыя банкі сёньня выставілі на адзнацы 15 500. Такім чынам, ад канца траўня нацыянальная валюта патаньнела да амэрыканскай амаль на 1500 рублёў.

Ад 1 чэрвеня Нацыянальны банк увёў новы мэханізм фармаваньня курсу рубля: апэрацыі, не зьвязаныя з абавязковым продажам прадпрыемствамі 30% валютнай выручкі, цяпер ажыцьцяўляюцца на пазабіржавым сэгмэнце — наўпрост паміж кліентамі і банкамі. Іншымі словамі, ужо тыдзень як для ацэнкі стану валютнага рынку Беларусі трэба выкарыстоўваць ня толькі біржавы курс рубля, але і курсы, паводле якіх банкі прадаюць валюту прадпрыемствам ці гандлююць ёю паміж сабой.

Вызначэньне ўсярэдненага паказьніка акрэсьліла тэндэнцыю на паступовае абясцэньваньне рубля. Лягічнае наступства — калі ня паніка, то некаторая напружанасьць у грамадзтве. Прынамсі, насельніцтва пачало прыкметна актыўней канвэртаваць рублёвыя зьберажэньні ў валюту. Гандляры на рынках пералічваюць кошты з запасам на дэвальвацыйную рызыку.

Між тым фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха не выключае, што ўжо ў агляднай пэрспэктыве рубель «адскочыць» на тысячу-паўтары — яшчэ ідзе «прыцірка» што да вызначэньня раўнаважнага курсу на біржы і па-за ёй:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха

«Неабходна разумець, што дынаміка абменнага курсу рубля ў адносінах да асноўных замежных валютаў як залежала, так і залежыць ад сукупнасьці ўнутраных і зьнешніх эканамічных фактараў. У дадзеным выпадку зьмену рэжыму таргоў трэба разглядаць як тэхнічнае мерапрыемства, непасрэдны ўплыў якога на дынаміку ўнутранага валютнага рынку ня варта пераацэньваць. Гэта тычыцца, як я казаў, непасрэднага ўплыву. А вось ускосны ўплыў зьвязаны з падвышэньнем дэвальвацыйных чаканьняў у эканоміцы, таму сытуацыю трэба разглядаць у пэўным кантэксьце. То бок зьмена рэжыму таргоў у нашых рэаліях прывяла да некаторага падвышэньня ўзроўню такіх чаканьняў, хоць гэта паказьнік з шэрагу неназіральных, ён увогуле складана вымяраецца. Але відавочна, што гэта адбылося, пакуль суб’екты гаспадараньня, насельніцтва дый самі банкі разьбіраюцца, што і як. Дарэчы, Нацбанк таксама папярэджваў: патрэбны час, каб адаптавацца да новага рэжыму. Таму ў пэўнай меры можна прагназаваць, што канкрэтны эфэкт можа быць кароткатэрміновым, а значыць, раней ці пазьней — прынамсі ў агляднай будучыні — пабачым адскокі ў адваротны бок. Бо важна адчуваць і зваротную дынаміку».

І ўсё ж ці варта чакаць паўтарэньня падзеяў 2011-га і канца 2014 гадоў, калі найперш паніка і ажыятаж на валютным рынку прыводзілі да рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля? Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак такога павароту не выключае. На яго перакананьне, эканамічных падставаў да стабілізацыі на фінансавым рынку няма — золатавалютныя рэзэрвы праядаюцца, прытоку зьнешняга капіталу няма:

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

«Гэта ўсё яшчэ прыйдзе — і крызіс, і ажыятаж, і паніка. Справа ў тым, што калі казаць пра фінансавыя рынкі, то фінансы — гэта інструмэнт для разьвіцьця эканомікі, гэта рухавік гандлю. На Захадзе да важнасьці такога разуменьня прыйшлі даўно, цяпер ужо шукаюць новыя формы. А ў нас гэта толькі на падыходзе. І ў дадзеным выпадку я ніякага аптымізму ў фінансах ня бачу — найперш таму, што ў нас няма эканомікі. Песьня, як кажуць, петая-перапетая. Ніякай унікальнай эканамічнай мадэлі няма, усё савецкае, старое, мадэрнізацыі не адбываецца. Проста пры саветах усё расьпісваў Дзяржплян, а тут Лукашэнка аднаасобна ўсё разьмяркоўвае — то бок крыху павялічыўся кантроль над грашовымі плынямі, але сутнасьць засталася тая ж самая. Раней дзялілі трактары, цяпер дзеляць грошы: эмітуюць, аднаму даюць, у другога забіраюць, схема зразумелая. А што гэта за эканоміка, якая існуе за кошт пераразьмеркаваньня грашовых плыняў і праяданьня золатавалютных рэзэрваў, якія недзе ўдалося выцыганіць? Вось і ўся мадэль».

Такім чынам, калі не лічыць курсавых ваганьняў у камэрцыйных банках, якія маюць магчымасьць невялікага манэўру, афіцыйна курс даляра ўсё бліжэй да гістарычнага максымуму — на пачатку году, 3 лютага, у выніку 40-працэнтнай дэвальвацыі ён дасягнуў 15 450 рублёў. То бок, да старога рэкорду пакуль не хапае 38 рублёў. І хоць у наступныя месяцы назіралася ўзмацненьне нацыянальнай валюты, але, пачынаючы ад апошняй дэкады траўня, даляр вырас без малога на 1400 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG