Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюднік газэты «Новы час» не даказаў, што яго абразілі словам «фашыст»


Віктар Чаравухін
Віктар Чаравухін

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пастанавіў не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці ахоўніка крамы Дзьмітрыя Прохарава, які назваў незалежную газэту «Новы час» фашысцкім выданьнем. У судовай пастанове гаворыцца, што адміністрацыйная справа супраць яго спыненая празь недаказанасьць віны.

Нагодай для адміністрацыйнага працэсу стаўся інцыдэнт паміж Прохаравым — ахоўнікам магілёўскай крамы «777», і распаўсюднікам газэты «Новы час» Віктарам Чаравухіным. Паводле міліцэйскага пратаколу, Прохараў зьняважыў распаўсюдніка выданьня, назваўшы яго фашыстам.

У судзе Прохараў не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што не называў Чаравухіна фашыстам. Тым ня менш не хаваў, што само выданьне лічыць «фашысцкім, нацысцкім і нацыяналістычным»:

«Ён, Чаравухін, распаўсюджваў газэту „Новы час“, якая ўтрымлівае нацысцкі, фашысцкі і нацыяналістычны зьмест супраць прэзыдэнта і нашай рэспублікі», — заяўляў на першым судовым пасяджэньні Прохараў. На наступных двух ён пазьбягаў гэтак выказвацца.

Дзьве прадавачкі крамы, якіх выклікалі ў суд сьведкамі, заявілі, што ня чулі, каб Прохараў абражаў Чаравухіна.

Чаравухін жа настойваў, што абраза была. Акрамя таго, паводле яго, Прохараў гвалтам выцягнуў яго з крамы, зьвінаваціўшы, што ён распаўсюджвае ў ёй газэты.

Віктар Чаравухін казаў на судзе, што распаўсюджваў газэту «Новы час» шмат год і ў яго была вусная дамоўленасьць з адным з ахоўнікаў крамы, што ён будзе насіць выданьне для ягоных калегаў. Прыносіў заўжды адзін асобнік. Сярод пакупнікоў газэты не распаўсюджваў, бо ня меў, паводле ягоных словаў, такога права — не дамаўляўся на гэты конт з гаспадаром крамы.

У выраку судзьдзі Тацяны Міхайлавай гаворыцца, што суду не прадстаўлена неабвержных доказаў, якія пацьвярджаюць факт зьнявагі Прохаравым Чаравухіна.

«Асоба, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пасьлядоўна даказала, што Чаравухіна яна не зьневажала. Сам пацярпелы спачатку даводзіў, што Прохараў назваў газэту фашысцкай, чым зьняважыў яго, бо з гэтай фразы вынікае, што ён распаўсюджвае фашысцкую газэту і ён фашыст. Затым ён казаў, што Прохараў зьняважыў яго фашыстам. Да супярэчлівых паказаньняў пацярпелага, які зацікаўлены ў выніку справы, суд ставіцца крытычна. Яны не знайшлі пацьверджаньня ў ходзе вывучэньня акалічнасьцяў справы ў судзе», — сьцьвярджаецца ў прысудзе.

Камэнтуючы вырак, распаўсюднік «Новага часу» Віктар Чаравухін заявіў, што судзьдзя не наважылася на стварэньне прэцэдэнту, калі за абразу «фашыстам» у Беларусі прыцягваюць да адказнасьці:

«Яна пабаялася гэта рабіць, а можа, з кім і раілася. Я лічу сябе абражаным, — выказваецца Віктар Чаравухін. — На маю думку, у суду было даволі падстаў, каб пакараць Прохарава. Дужа часта ў Беларусі цяпер ужываецца слова „фашыст“. Часта нават тыя, хто яго выкарыстоўвае ў гутарках, не разумеюць ягонага сэнсу. Вядома, за прыклад бяруць выказваньні вышэйшага кіраўніцтва: „пятая калёна“, „адмарозкі“ і гэтак далей».

Дзьмітры Прохараў гаварыць з журналістам адмовіўся. Заявіў, што ў газэтах пішуць толькі хлусьню. Згадаў падзеі ва Ўкраіне і вайну. Сказаў, што ён на ёй быў.

Віктар Чаравухін пакуль не гатовы казаць, ці будзе ён абскарджваць вырак судзьдзі Тацяны Міхайлавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG