Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа зьнізіць аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь


Пра гэта заявіў міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак у інтэрвію газэце «Ведомости».

Паводле існуючай дамовы, аб’ёмы паставак расейскай нафты ў Беларусь могуць скарачацца, калі Беларусь не выконвае дамоўленасьці па аб’ёмах паставак нафтапрадуктаў, нагадвае БелаПАН.

У сакавіку Беларусь цалкам прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею, спасылаючыся на іх стратнасьць.

«За студзень-люты мы выканалі свае абавязаньні па аб’ёмах паставак на расейскі рынак нафтапрадуктаў. У сакавіку, калі эканоміка паставак зьмянілася, мы скарысталіся папраўкай да гэтых дамоўленасьцяў. Яна прадугледжвае ў выпадку зьніжэньня прыбытковасьці беларускага боку прыпыненьне паставак. У сакавіку паставак не было. Пры ўмове вяртаньня эканамічнай эфэктыўнасьці пастаўкі будуць адноўленыя», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі 18 сакавіка ў Менску старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.

Як растлумачыў газэце «Ведомости» Аляксандар Новак, «у пагадненьні ёсьць агаворка, што калі кошты істотна адрозьніваюцца, то беларускі бок можа прыпыніць пастаўкі».

«Але гэты пункт быў прапісаны абстрактна: што такое істотная розьніца — незразумела, мэтодыка адсутнічае. Цяпер Мінэнэрга сумесна з калегамі яе распрацоўвае. І ня выключана, што ў адпаведнасьці з нашымі крытэрыямі розьніца будзе не такая істотная, як сьцьвярджаюць беларускія партнэры», — сказаў міністар энэргетыкі.

На яго думку, і Расея, і Беларусь «павінны адназначна трактаваць, што такое істотная розьніца».

«Паводле дамовы ў выпадку недапаставак у Расею беларускага аўтабэнзіну больш як на 10% ад прадугледжаных графікам аб’ёмаў мы маем права зьнізіць пастаўкі нафты — суадносіны 1:5. Як толькі пастаўкі аўтабэнзіну адновяцца, адновяцца і пастаўкі нафты. Усе разьлікі павінны быць пацьверджаныя дакумэнтальна, рызыка канфліктных сытуацыяў мінімальная. Да таго часу, пакуль ня будзе завершана мадэрнізацыя нашых НПЗ, мы разьлічваем на аб’ёмы нафтапрадуктаў зь Беларусі», — сказаў Новак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG