Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея мае ў Беларусі 450 гектараў зямлі. І вось як гэта выглядае

Зона, зарасьці, руіны, браканьеры — поўны экскляў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці. Дзьве вёскі, Мядзьвежава і Санькава, з усіх бакоў акружаныя беларускімі землямі. Але адміністрацыйна гэта частка Вышкаўскага гарадзкога пасяленьня Злынкаўскага раёну Бранскай вобласьці.

Людзей тут няма, жытла таксама. Але, як па ўсёй зоне адчужэньня, тут шмат зьвяроў, што прыцягвае сюды браканьераў.

Паводле разнастайных краязнаўчых дадзеных, на пачатку ХХ стагодзьдзя жыхары бранскай вёскі Дабрадзееўка вярнуліся ў родныя мясьціны з заробкаў у Амэрыцы. Набылі хутары ва ўрочышчах Санькова паляна, Мядзьведжая дуброва і Рагавы капец. Прыблізная дата заснаваньня саміх вёсак — 1916 год. Сапраўдным эксклявам тэрыторыя стала ўжо пасьля Другой сусьветнай вайны, калі суседняя зь імі беларуская вёска Чырвонае Знамя (Хаткі) адышла да Беларускай ССР.

Падчас Другой сусьветнай вайны вёскі былі цалкам спаленыя, але пасьля адрадзіліся. У пасьляваенны час тут жыло да 500 чалавек.

Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе вёскі апынуліся ў зоне адсяленьня — жыць там забаронена, весьці гаспадарку таксама.

Большая частка жыхароў выселілася ў Расею, у тую ж Дабрадзееўку. Аднак пакідаць сваё жытло пагаджаліся ня ўсе, і яшчэ на пачатку 90-х тут заставалася пад сотню вяскоўцаў. Ужо ў 1999 вёскі цалкам абязьлюдзелі.

Статус экскляву азначае, што на гэтай тэрыторыі дзейнічаюць законы Расейскай Фэдэрацыі. Тут буйное радовішча крэйды, але пра магчымыя распрацоўкі нічога не чуваць.

Некалькі гадоў таму дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце РБ адзначала, што на тэрыторыі экскляву сваволяць расейскія браканьеры.

«Расейскія паляўнічыя выганялі зьвера зь беларускіх лясоў на свой „пятачок“ поля і там стралялі», — зазначала інспэкцыя, спасылаючыся ў тым ліку на стралковыя вышкі, якія ёсьць у анкляве. Адну з такіх вышак у добрым стане пабачылі і мы.

«Інспэктары і супрацоўнікі міліцыі неаднаразова фіксавалі факты прыбыцьця грамадзян Расеі на тэрыторыю анкляву для паляваньня без афармленьня неабходнага дазволу і на само паляваньне, і на правоз агнястрэльнай зброі праз тэрыторыю Беларусі. Але нічога не маглі зрабіць з грамадзянінам іншай дзяржавы».

Спасылаючыся на начальніка Гомельскай абласной інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Вячаслава Рогаля, публікацыя згадвае, што «аўтамабілі, якія рэгулярна праяжджалі ў бок Расеі, амаль ніколі не спыняліся на патрабаваньне. Былі інцыдэнты, калі патрульныя машыны натыкаліся на густа раскіданыя так званыя „насыпныя перашкоды“... і прабівалі колы. А аднойчы хтосьці збудаваў сапраўдную барыкаду, каб нельга было праехаць сюды з боку Беларусі: у месцы, дзе абʼезд немагчымы, за ноч зьявіўся вал зь пяску і гліны, які бяз трактара з каўшом і самазвалам насыпаць яўна нельга было».

Але пасьля стварэньня сумесных беларуска-расейскіх брыгадаў сытуацыя зь нелегальным паляваньнем на тэрыторыі анкляву нібыта выправілася.

Палітык Алег Трусаў упэўнены, што 99,9% беларусаў нічога пра экскляў ня ведаюць, бо «не на кожнай мапе ён нават пазначаны».

«Казус гэты будзе, пакуль мы не ўсталюем сапраўдную мяжу з Расеяй, — лічыць ён. — Дэмаркацыі дагэтуль няма, таму кілямэтар туды, кілямэтар сюды — у чыстым полі ці ў лесе гэта ня мае значэньня».

Паказаць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG