Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам зноў паабяцалі мараторый на новыя падаткі. Мінулы пратрымаўся 5 дзён


Пратэст супраць «падатку на дармаедаў» у Бабруйску. Ілюстрацыйнае фота

Міністар падаткаў і збораў Беларусі Сяргей Налівайка заявіў у перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», што ў Беларусі ўведзены мараторый на новыя падаткі і плацяжы да 2020 году.

«Адназначна можна сказаць, што не плянуюцца і ня будуць уводзіцца новыя падаткі, плацяжы, — казаў Сяргей Налівайка. — Гэтая тэндэнцыя пазначаная і ў пляне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на бягучы пэрыяд, і ў тым пакеце дакумэнтаў, які падпісваецца кіраўніком дзяржавы».

Таксама, паводле Налівайкі, будзе пашыраны сьпіс відаў дзейнасьці, якімі можна займацца без рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам са сплатай адзінага падатку. Але «прагназаваць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве, якія віды дзейнасьці будуць туды ўключаныя, гэта варажба на кававай гушчы»,— заявіў Налівайка.

Мінулым разам мараторый на рост падаткаў і ўвядзеньне новых абяцаў беларусам Аляксандар Лукашэнка ў перадвыбарчай праграме 2015 году. Тады гаворка вялася пра пяцігадовую забарону на новыя падаткі і падвышэньне старых, калі Лукашэнка зноў стане прэзыдэнтам. «Любыя зьмены падаткаў — толькі ў бок зьмяншэньня і спрашчэньня»,— гаварылася ў праграме.

Але ўжо празь пяць дзён пасьля інаўгурацыі стары-новы прэзыдэнт парушыў перадвыбарчае абяцаньне і падпісаў дэкрэт, які вымусіў укладчыкаў банкаў плаціць падаходны падатак у памеры 13% на адсоткі, якія яны атрымліваюць з банкаўскіх дэпазытаў, разьмешчаных у беларускіх рублях на тэрмін менш за 1 год, а ў замежнай валюце — на тэрмін менш за 2 гады.

22 абяцаньні ў праграме разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку»

XS
SM
MD
LG