Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбыў новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі


Новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт (Боб) Райлі прыбыў 22 жніўня ў Менск.

Да прызначэньня ў Беларусь Боб Райлі займаў пасаду палітычнага дарадцы і выконваў абавязкі намесьніка амбасадара ЗША ў Вугоршчыне, паведамляе БелаПАН.

Ранейшы кіраўнік амбасады ЗША ў Менску Скот Роланд пакінуў Беларусь 8 ліпеня.

Перад ад’ездам у інтэрвію БелаПАН ён зьвярнуў увагу на значнае паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх адносін за апошнія два гады.

У 2008 годзе беларускі ўрад у аднабаковым парадку ўвёў абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў і вымусіў Злучаныя Штаты адазваць зь Беларусі амбасадара.

Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня ЗША санкцыяў у дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім» з-за парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Разгляд пытаньня аб вяртаньні ў Беларусь амэрыканскага амбасадара адновіцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, сказаў БелаПАН Скот Роланд.

«Толькі цяпер, упершыню пасьля 2008 году, мы пачынаем весьці размову пра магчымы абмен амбасадарамі — беларускага ў Вашынгтон, амэрыканскага ў Менск. Гэта пытаньне, разгляд якога адкладзены да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Калі такі абмен адбудзецца, сюды прыедуць дыпляматы, якія забясьпечаць ужо іншы ўзровень пасольскай прысутнасьці», — сказаў Роланд.

На сёньня ў амбасадзе ЗША ў Беларусі дазволена працаваць дзевяці дыпляматам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG