Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя перавыбрала прэзыдэнта. Reuters: занепакоеныя Расеяй, выбралі асьцярожнага


Саўлі Нійністэ (у цэнтры) і Ўладзімір Пуцін (зьлева)
Саўлі Нійністэ (у цэнтры) і Ўладзімір Пуцін (зьлева)

Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ пойдзе на другі тэрмін — 28 студзеня ён здабыў перамогу ў першым жа туры прэзыдэнцкіх выбараў з 62,7% галасоў, што ў Фінляндыі здараецца нячаста, піша Reuters. Яўка склала 69,9%.

У Фінляндыі прэзыдэнт адказвае за зьнешнюю палітыку і абарону разам з урадам, пасада за апошнія дзесяцігодзьдзі стала збольшага цырыманіяльнай.

69-гадовы беспартыйны Саўлі Нійністэ ў прэзыдэнцкім крэсьле ад 1 сакавіка 2012 году, да таго быў сьпікерам парлямэнту і дэпутатам ад правацэнтрысцкай «Народнай кааліцыі», яшчэ раней — міністрам фінансаў і міністрам юстыцыі. Ад 2002 году — ганаровы прэзыдэнт міжнароднай «Эўрапейскай народнай партыі». Чакае дзіця ад 40-гадовай жонкі.

Паводле Reuters, Нійністэ вядомы культываваньнем добрых (і прагматычных) стасункаў як з Эўропай і NATO, так і з Расеяй і ейным кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Выданьне адзначае, што ягонае «далікатнае балянсаваньне» рэзанавала з занепакоенасьцю выбарнікаў расейскай палітыкай.

Адзначаецца, што Нійністэ быў першым заходнім лідэрам, які сустрэўся з Пуціным пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму, але пры Нійністэ Фінляндыя падтрымала антыкрамлёўскія санкцыі за анэксію Крыму.

***

28 студзеня прэзыдэнцкія выбары прайшлі таксама ў Рэспубліцы Кіпр, але першы тур ня выявіў адназначнага пераможцу. Другі тур чакаецца 4 лютага, барацьба пойдзе між цяперашнім прэзыдэнтам Нікасам Анастасіядысам (кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі) і былым міністрам здароўя, камуністам Стаўрасам Маласам (кандыдатам ад Прагрэсіўнай партыі працоўнага народу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG