Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмʼер Кабякоў: Больш раздаваць грошай ня будзем


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота
Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Сёньня дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў зацьвердзілі праграму дзейнасьці ўраду Беларусі на 2016–2020 гады. З дакладам аб пэрспэктывах і кірунках дзейнасьці выступіў кіраўнік Савету Міністраў Андрэй Кабякоў. У сваім выступе, а таксама адказваючы пазьней на пытаньні дэпутатаў, ён зрабіў некалькі цікавых заяў.

1. Да 2020 году інфляцыя ў Беларусі ня будзе перавышаць 5%.

Сёлета, паводле намераў уладаў, інфляцыя павінна быць ня больш за 12%. Аднак папярэднія вынікі першага кварталу паказваюць, што за гэты час інфляцыя складзе 5,4%. Тым ня менш прэмʼер выказаў перакананьне, што да канца году можна будзе ўкласьціся ў вызначаную лічбу 12%.

2. Калі з 1 студзеня 2017 году пэнсійны ўзрост беларусаў будзе павялічвацца на паўгода штогод, то ў 2017 годзе, паводле разьліку прэмʼера, для тых, хто ня пойдзе на заслужаны адпачынак, патрэбна будзе 18 000 дадатковых месцаў.

3. Прэмʼер раіць браць крэдыты ў Кітаі.

Андрэй Кабякоў заявіў, што Кітай дае крэдыты пад адносна невялікую суму — 6,9% гадавых. Але кітайцы даюць такія крэдыты толькі пры ўмове, што абсталяваньне і іншыя прадукты і вырабы будуць закупляцца выключна кітайскай вытворчасьці. «У Кітаі, як і ў Грэцыі, ёсьць усё», — сказаў Андрэй Кабякоў.

4. «Мы прывыклі нічога не рабіць, а казаць: дайце грошы. Больш такога ня будзе. Раздачы пустых грошай больш ня будзе».

5. Будзем пазбаўляцца ад далярызацыі. Андрэй Кабякоў заявіў, што даляр ужо выцесьнены ў турыстычнай, страхавой сфэрах, для аўтамабільнага паліва — у гэтых галінах разьлікі ідуць выключна ў беларускіх рублях. «Будзем працаваць над тым, каб ахапіць і іншыя галіны гэткай практыкай. У прыватнасьці, разглядаецца пытаньне аб тым, каб арэндныя стаўкі на памяшканьні рабіліся выключна ў беларускіх рублях». Андрэй Кабякоў сказаў: «У нашых галовах — усё мераць далярам. Трэба ад гэтага пазбаўляцца».

6. «Некаторыя кажуць, што ў нас больш будаўнікоў, чым патрэбна. І ўзьнікае пытаньне аб тым, што частку зь іх трэба перапрафіляваць. Але пры гэтым адбываюцца дзіўныя факты, — сказаў прэмʼер-міністар. — Напрыклад, на будоўлі Астравецкай АЭС увесь мінулы год не хапала каля 1000 будаўнікоў. Мы ня можам знайсьці дастатковай колькасьці будаўнікоў, каб накіраваць іх на працу ў Туркмэністан. Нашы будаўнікі жыруюць: выбіраюць, дзе для іх лепшыя ўмовы». Разам з тым ён прызнаў, што ў будаўніцтве ёсьць і лішнія людзі, якія рынуліся туды ў той час, калі ў гэтай галіне былі самыя высокія заробкі.

Яшчэ 2 лістапада 2015 году група экспэртаў на чале з кандыдатам эканамічных навук Віктарам Цярэшчанкам накіравала ва ўладныя структуры свае прапановы. Пра іх лёс спадар Цярэшчанка сёньня сказаў Свабодзе наступнае:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

«Дакумэнты прайшлі прэзыдэнцкую Адміністрацыю, урад, асабіста віцэ-прэмʼера Русага і засталіся ў структурах Міністэрства эканомікі. 15 сьнежня мы сустрэліся з кіраўнікамі навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства эканомікі. На іх просьбу дадаткова далі графікі, табліцы, разьлікі, усяго амаль 100 дакумэнтаў. Чакалі-чакалі, але адказу дагэтуль не атрымалі. Я некалькі разоў размаўляў з дырэктарам інстытуту, і ён кожны раз спасылаўся на загружанасьць іншай тэрміновай працай.

У нас былі тры галоўныя прапановы. Яны тычыліся кошту беларускага рубля, падатковай палітыкі і стымуляцыі да працы. Бяз гэтых трох кітоў, на нашу думку, нармальнай эканомікі не пабудаваць.На маю асабістую думку, праект новай праграмы ўраду на 99% складаецца з набору агульных словаў, кшталту „ўмацаваць“, „павялічыць“, „абараніць“, „забясьпечыць“ і г. д. Словы па сваёй сутнасьці правільныя. Але ў дакумэнце ня бачна галоўнага — як гэта будзе рабіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG