Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч — першы ляўрэат прэміі Аляхновіча за кнігу «Еду в Магадан»

Цырымонія ганараваньня першых ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбылася ў сядзібе БНФ у Менску. Ляўрэатамі сталі Анатоль Лябедзька, Алесь Бяляцкі, Юры Бандажэўскі, Павал Севярынец, Алесь Кіркевіч. Галоўная ўзнагарода — Ігару Аліневічу


18:48 10.12.2013
«Калі б мне давялося паўтарыць усё нанова, я не вагаўся б ні імгненьня. Гэта ня поза, гэта пазыцыя», — гэта словы з кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ: Дзёньнік палітычнага закладніка». Нагадаем, яна толькі што выйшла ў сэрыі Бібліятэка Свабоды, і 9 сьнежня адбылася яе прэзэнтацыя тут, у сядзібе БНФ.

Пра аўтара. Анатоль Лябедзька нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Мінскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытута ў 1985 годзе, спэцыяльнасьць — выкладчык гісторыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканьня. Старшыня АГП з 2000-га года.

У ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 года Анатоль Лябедзька быў выкрадзены невядомымі са сваёй кватэры. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Лябедзька вязнем сумленьня. Вызвалены 6 красавіка, крымінальная справа супраць Лябедзькі спыненая.

18:43 10.12.2013
Сяржук Доўгушаў прадставіў на конкурс рукапіс свайго «Турэмнага дзёньніка». Сяргей, які прысутнічае на прэзэнтацыі, узяў з сабой гітару і паабяцаў выканаць сёньня тую самую песьню, пра якую ён пісаў у сваім творы

Пра аўтара. Нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Сьпявак, музыка, кіраўнік гуртоў Fratrez і Vuraj. Арыштаваны 19 сьнежня 2010 года падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Асуджаны на 15 сутак арышту, якія адседзеў у СІЗА на Акрэсьціна

18:41 10.12.2013
Зачытваюцца ўрыўкі з аповесьці Алеся Кіркевіча «Няскончаная Адысея. Беларуская турма для пачынаючых». Алесь Кіркевіч прадставіў на конкурс два творы: гэтую аповесьць у рукапісе і апавяданьне «Вясна. Анталія. Вялікдзень: Філязофія турэмнага дворыка», якое выйшла ў часопісе «Дзеяслоў», № 53 за 2011 год

Пра аўтара. Нарадзіўся 9 лістапада 1989 года. Вучыўся у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце. Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік гарадзенскай суполкі арганізацыі. Затрыманы праз пяць дзён пасьля акцыяў пратэсту 19 сьнежня 2010 года, асуджаны на 10 сутак арышту. 3 студзеня 2011 года быў вызвалены, а 28 студзеня арыштаваны зноў па справе пра масавыя беспарадкі. 5 траўня 2011 года асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі. Вызвалены 1 верасьня 2011 года

Алесь Кіркевіч, як і Зьміцер Дашкевіч, прысутныя на імпрэзе, і занялі свае месцы ў першых шэрагах

18:38 10.12.2013
Далей на прэзэнтацыі зачытваецца адзін зь вершаў Дзьмітрыя Карпіцкага. Ён прадставіў на конкурс падборку вершаў «Поостынь, смирись, покайся Богу: Поэтическая исповедь из темницы».

Пра аўтара. Нарадзіўся 21 лютага 1974 года ў Маладэчанскім раёне. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці інжынэр-мэханік. У 2006 годзе асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі. Знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 3, Віцебская вобласьць. Вершы пачаў пісаць у 2007 годзе, з таго часу у розных газэтах апублікаваў 80 вершаў.
18:37 10.12.2013
Наступны ўрывак з твораў ляўрэятаў — з апавяданьня «Гумавы тапак» Зьмітра Дашкевіча. Зьміцер прадставіў на конкурс апавяданьне «Гумавы тапак» (ў выглядзе рукапісу), і аповесьць «Чарвяк», апублікаваную ў газэце «Наша ніва».

Пра аўтара: Зьміцер Дашкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1981 года. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Лідэр «Маладога Фронту». 1 лістапада 2006 году Зьміцер быў асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі агульнага рэжыму. Amnesty International прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.

Арыштаваны зноў 18 сьнежня 2010 года. 24 сакавіка 2011 года быў асуджаны на 2 гады па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве, пазьней ужо ў турме быў зноў асуджаны за злоснае парушэньне турэмнага распарадку на адзін год зьняволеньня. Вызвалены 28 жніўня 2013 года.

18:32 10.12.2013
Далей прысутныя слухаюць урыўкі з кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай». Кніга выйшла ў Менску на пачатку 2013 года, яе прэзэнтацыя прайшла 6 сакавіка 2013 года ў гэтым самым памяшканьні.

На конкурс таксама прадстаўлены артыкул Алеся Бяляцкага «Дзяды» былі з намі: З нагоды 25-годдзя першага масавага мітынгу ў Беларусі, які выйшаў у часопісе «Дзеяслоў», № 66.

Пра аўтара. Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 года. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі. Літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч і праваабаронца. Старшыня Праваабарончага цэнтра Вясна. Арыштаваны 4 жніўня 2011 года. 24 кастрычніка 2011 года асуджаны да 4,5 гадоў турмы за нясплату падаткаў з грошай, якія выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасьць. Утрымліваецца ў папраўчай калёніі № 2 г. Бабруйску.

На прэзэнтацыі прысутнічае жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук

18:30 10.12.2013
Далей прысутныя знаёмяцца з кнігай Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе: Парады прафэсара мэдыцыны». Кніга выйшла ў сэрыі Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе ў 2013 годзе. 25 красавіка ў гэтым памяшканьні прайшла прэзэнтацыя кнігі.

Пра аўтара. Нарадзіўся 9 студзеня 1957 года. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Доктар мэдычных навук, прафэсар, правадзейны сябар Нью-Ёркскай акадэміі навук. З 1990 па 2001 гады — рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Арыштаваны 13 ліпеня 1999 года. Стаў 25-м чалавекам у сьвеце, якія атрымалі Пашпарт свабоды, які дае права свабодна выбіраць месца жыхарства ў Эўропе. Вызвалены 5 жніўня 2005 года.

Юры Бандажэўскі знаходзіцца за межамі Беларусі, і пазьней павінен выйсьці па скайпе на сувязь з удзельнікамі імпрэзы

18:26 10.12.2013
Наступным прадстаўляецца апавяданьне Сяргея Аўчыньнікава “Путешествие”, на суд журы быў прадстаўлены рукапіс.

Сяргей нарадзіўся ў 1985 годзе ў Барысаве. Скончыў Маскоўскі сацыяльны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці псыхалёгія. Затрыманы 27 чэрвеня 2010 года, да нядаўняга часу ўтрымліваўся ў СІЗО № 1. Цяпер знаходзіцца ў турме № 8 г. Жодзіна.

На прэзэнтацыі прысутнічае мама Сяргея Алена Аўчыньнікава
18:25 10.12.2013
Спачатку прысутных знаёмяць з кнігай Ігара Аліневіча «Еду в Магадан», якая выйшла ў выдавецтве «Радыкальная тэорыя і практыка». 19 красавіка 2013 года ў гэтым жа памяшканьні адбылася яе прэзэнтацыя.

Пра аўтара. Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасьня 1983 года. Спэцыяліст у галіне радыёэлектронікі. 28 лістапада 2010 года гвалтоўна выкрадзены ў Маскве і зьмешчаны ў СІЗА КДБ Беларусі. 27 траўня 2011 года асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры. Утрымліваецца ў калёніі № 10 у Наваполацку

На прэзэнтацыі прысутнічае маці Ігара Аліневіча

18:23 10.12.2013
Слова мае Аляксандар Лукашук, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода, якая таксама выступіла заснавальнікам гэтай прэміі. «Вялікія ўзрушэньні беларускай гісторыі нараджаюць вялікую беларускую літаратуру», — сказаў Аляксандра Лукашук, на пінжаку якога мы бачым мэдаль за прэмію імя Багушэвіча, якой ён быў уганараваны за свае кнігі «Вяртаньне нацыяналіста» і «За кіпучай чэкісцкай работай»

«Вашы кнігі таксама пра «кіпучую чэкісцкую работу», — сказаў Лукашук і аб’явіў прэзэнтацыю адкрытай
18:18 10.12.2013
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, які выступіў арганізатарам прэміі, Андрэй Хадановіч кажа, што ў пэўным сэнсе за гэтыя гады нічога не зьмянілася — беларускія пісьменьнікі па-ранейшаму пішуць свае творы з-за кратаў.

«Хацелася, каб наша прэмія страціла сваю актуальнасьць», — кажа Хадановіч. «Было б прафанацыяй лічыцца з чымсьці акрамя мастацкай якасьці твораў», — кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, і зачытвае свой пераклад вершу Восіпа Мандэльштама

18:14 10.12.2013
18:11 10.12.2013
Прэзэнтацыя пачалася зачытваньнем урыўкаў з разьдзелу «Карцэр» кнігі Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ». Вядучы Валер Каліноўскі коратка распавядае пра гісторыю стварэньня гэтай кнігі і біяграфію ягонай аўтару. «Частка беларускай літаратуры створаная ў турмах» — у свой час напісаў у прадмове да гэтай кнігі Алесь Бяляцкі

17:50 10.12.2013
У склад журы літаратурнага конкурсу ўвайшлі перакладчык Лявон Баршчэўскі, дырэктар беларускай «Свабоды» Аляксандар Лукашук, паэт і былы палітвязень Уладзімер Някляеў, карэспандэнтка «Свабоды» Ганна Соўсь, літаратуразнаўца і былы палітвязень Аляксандар Фядута.

Намінанты на прэмію напярэдадні яе ўручэньня распавялі пра свае творы, якія яны пісалі ў зьняволеньні , а таксама падзяліліся думкамі пра актуальнасьць турэмнай літаратуры ў беларускім грамадзтве.

Апавяданьні аднаго зь лідэраў Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча «Гумавы тапак» і «Чарвяк» — пра асаблівасьці беларускага мэнталітэту ў розных жыцьцёвых сытуацыях.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
«Ідэя „Гумовага тапку“ палягае ў тым, што трэба, каб беларусы бралі адказнасьць за сваю дзяржаву, народ і мову. Гэты твор зьвяртаецца ў першую чаргу да тых людзей, якія ўжо прэтэндуюць на нешта ў нашай краіне. Я бачу, што асноўная праблема ў нас палягае ў тым, што многія беларусы ў сваіх партыйных арганізацыях размаўляюць па-беларуску, а як толькі трапляюць у іншае асяродзьдзе па-за межамі арганізацыі, тут жа становяцца расейскамоўнымі, каб не вылучацца ці з прычыны нейкіх комплексаў. Турэмная літаратура, на жаль, у Беларусі вельмі актуальная па той простай прычыне, што многія людзі знаходзяцца ў турмах беспадстаўна, паводле сфальсыфікаваных справаў. А калі людзі сядзяць за свае палітычныя погляды, яны шляхам літаратурнай дзейнасьці знаёмяць іншых людзей з гэтым турэмным жыцьцём, з тым, што зь імі адбываецца», — кажа Зьміцер Дашкевіч.

Маці асуджанага на 8 гадоў за злоснае хуліганства Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч ведае, што, нягледзячы на зьняволеньне, яе сын пачуваецца свабодным чалавекам. Пра гэта — ягоная кніга «Еду ў Магадан».

«Ён разважае пра праблему таго, як застацца свабодным чалавекам у самых неверагодных абставінах. Гэта хіба што акурат тое, пра што пісаў мой сын. Якая б сытуацыя ў жыцьці ні была, трэба заставацца чалавекам і захаваць сваё чалавечае аблічча. Ужо 21 стагодзьдзе за вакном, і Беларусь пазыцыянуецца як цывілізаваная краіна, але разам з тым у ёй адбываюцца вельмі неверагодныя рэчы. Часам здаецца, што гераічныя рэчы засталіся ў мінулым, калі былі войны і іншыя вялікія падзеі, але аказваецца, што чалавек застаецца сам-насам са сваім выбарам у любую эпоху, і ў гэтым выбары ён можа быць альбо ня быць героем. Вялізная колькасьць нявінна асуджаных і зьняволеных, якія ёсьць у Беларусі, будзе рабіць турэмную літаратуру цікавай і запатрабаванай яшчэ доўгі час. Гэтая праблема была сур’ёзнай падчас сталінскіх часоў. Нейкі час яе не было ў вялікіх маштабах. А цяпер зноў пачынаецца тое, што было ў сталінскія часы», — кажа Валянціна Аліневіч.
Разварот кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан»
Разварот кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан»

Зьміцер Карпіцкі ў турме зь 2006 году. У зьняволеньні пачаў пісаць вершы. Спачатку па-расейску, затым — на роднай мове. Зьміцер напісаў Радыё Свабода, што яго творы ўжо неаднаразова друкаваліся на старонках беларускіх выданьняў, але ён спадзяецца, што яны спадабаюцца і журы прэміі імя Францішка Аляхновіча.

«Тэматыка маіх вершаў рознабаковая... У асноўным — што больш за ўсё мяне хвалюе ў гэтыя цяжкія хвіліны майго лёсу: смутак ад расстаньня з блізкімі людзьмі і родным домам, душэўны боль і перажываньні жыцьцёвых памылак, якія прывялі мяне да асуджэньня і пакараньня, разважаньні пра сэнс жыцьця. Ствараючы новы радок, я заўсёды шчыра спадзяюся, што мае думкі, меркаваньні ў вершах змогуць стаць карыснымі», — напісаў Зьміцер Карпіцкі ў лісьце.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Турэмны дзёньнік лідэра АГП Анатоля Лябедзькі толькі выйшаў з друку. Як лічыць палітык, «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» — не зусім мастацкі твор, але штодзённае апісаньне побыту ў «амэрыканцы», разбаўленае роздумамі і ўспамінамі.

«Я ня марыў у дзяцінстве быць пісьменьнікам і ў юнацтве не будаваў плянаў пісаць кнігі. Я — выпадак выпадковых абставінаў. Калі я пісаў у турме, я ня думаў пра кнігу, я проста запісваў тое, што адбывалася са мной і з тымі, хто быў побач. І дадаваў свае думкі зь мінулага. Усё гэта я паклаў на паперу. Атрымалася кніга. Дастаткова спэцыфічная. Сёньня я вельмі шчасьлівы, што мне ўдалося выдаць гэтую кнігу. Таму што пакуль у краіне ёсьць палітычныя вязьні, попыт на такую літаратуру будзе. Пакуль ёсьць людзі, якія жадаюць пераменаў і свабоды, попыт на такую літаратуру будзе. У гэтым і палягае галоўная ідэя — каб мы не забывалі нашу сучасную гісторыю, ведалі, што з намі адбываецца цяпер», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
Адзін зь лідэраў Партыі БХД Павал Севярынец у літаратуры ўжо свой чалавек. Падчас апошняга зьняволеньня, якое палітык правёў у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, нарадзіўся яго чарговы зборнік эсэ «Беларуская глыбіня».

«У сучасным сьвеце турэмная літаратура займае важнае месца. Тэма турмы і пазбаўленьня волі важныя для любога чалавека, таму што яны ўваходзяць у пералік асноўных страхаў сучаснага чалавека. Ну а Беларусь — гэта, магчыма, што і эпіцэнтар такога страху. Зь цяперашнім станам дзяржавы, грамадзтва турэмная літаратура трапляе беларусу ў самае сэрца. „Беларуская глыбіня“ — гэта зборнік эсэ пра беларусаў і Беларусь. Гэта спроба зазірнуць і ў самога сябе, і ў нацыю як у калодзеж. Калі гэта давялося рабіць падчас ссылкі, гэта дае дадатковыя пляны, а можа быць і дадатковую глыбіню», — кажа Павал Севярынец.

Юры Бандажэўскі падпісвае сваю кнігу
Юры Бандажэўскі падпісвае сваю кнігу
Пра тое, як маральна і фізычна не зламацца ў турме, напісаў Юры Бандажэўскі ў сваёй кнізе «Турма і здароўе». Прафэсар лічыць, што кніга будзе цікавая і тым, хто ніколі ня быў у зьняволеньні, таму што «кнігі з турмы» без прыўкрасаў паказваюць жыцьцё, якое бачаць толькі асуджаныя.

«Тэма маёй кнігі — выжываньне ва ўмовах турэмнага зьняволеньня. Выжыць у турме так, каб застацца такім чалавекам, які зможа прыносіць карысьць сваёй краіне пасьля вызваленьня. Гэта важна, таму што чалавек пасьля вызваленьня павінен працягваць жыць. У турме ён павінен мець надзею на тое, што яго жыцьцё будзе паўнавартасным пасьля вызваленьня. Турма ламае людзей. Я не пісьменьнік і не рэжысэр, я проста выклаў тую мэтодыку, якая мне самому дапамагла выжыць у турме. І я лічу, што гэтая мэтодыка прынясе карысьць і іншым людзям, якія трапілі ў бяду. Калі я быў турме, са мной камунікавалі брытанскі і швэйцарскі ПЭН-клюбы, я стаў іх ганаровым сябрам. На жаль, у нас шмат людзей застаюцца ў турмах. І няма гарантыі, што гэта хутка скончыцца. Так атрымліваецца, што барацьба за ўладу прыводзіць да таго, што людзі, якія зьяўляюцца ў апазыцыі, апынаюцца ў зьняволеньні. Таму турэмная літаратура надзвычай важная. Я думаю, што той, хто піша пра свае пакуты ў турмах, дзеліцца перажываньнямі, — прыносіць карысьць і грамадзтву, і нават тым людзям, якія ніколі не былі ў турме. Таму што яны паказваюць тамтэйшае жыцьцё такім, якое яно ёсьць. Узгадайце хаця б Салжаніцына, які распавёў сьвету праўду пра ГУЛАГ», — сказаў Юры Бандажэўскі.


Ўладзімер Някляеў: «Галоўны крытэр — мастацкая вартасьць твора»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Што такое турэмная літаратура і якімі крытэрамі арганізатары кіраваліся, вызначаючы найлепшыя творы з-за кратаў — гаворыць сябра журы, былы палітвязень, аўтар кнігі турэмнай паэзіі «Лісты да Волі» Ўладзімер Някляеў.

«Я ня думаю, што гэта літаратура, якая неяк кардынальна адрозьніваецца ад іншага пісьма, якое мы называем літаратурным. Проста яна створана ў некалькі іншых умовах, у тых умовах, у якіх чалавеку наагул, асабліва невінаватаму чалавеку, быць непажадана і ня надта хочацца. Гэта ўмоўны тэрмін, і ўсё залежыць не ад таго, дзе гэта напісана, сядзеў ты ў гэты час ці не сядзеў, а ад таго, наколькі ты па-мастацку моцна гэта зрабіў.

Сярод тых аўтараў, якія напісалі нейкія творы ў турме, пра турму, ёсьць вельмі моцныя тэксты, якія маюць наўпроставыя адносіны да сапраўднай літаратуры».

Цырымонія ганараваньня першых ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца 10 сьнежня а 18-й гадзіне на сядзібе БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага, 3).

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG