Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы выпусьцілі манэту да 500-годзьдзя першай кнігі Скарыны


Памятная манэта Банку Літвы, прысьвечаная 500-годзьдзю першай кнігі, надрукаванай Францішкам Скарынам
Памятная манэта Банку Літвы, прысьвечаная 500-годзьдзю першай кнігі, надрукаванай Францішкам Скарынам

Цэнтральны банк Літоўскай Рэспублікі 8 лістапада выпусьціў памятную манэту да 500-годзьдзя выданьня Бібліі Францішка Скарыны.

Манэта наміналам 20 эўраў зробленая са срэбра 925-й пробы. Было выбіта тры тысячы асобнікаў гэтай манэты. Продажная цана вагаецца ад 63 да 67 эўраў (145–154 беларускія рублі).

Дызайн манэты распрацаваў Раландас Рымкунас. Манэта мае надпісы на літоўскай і старабеларускай мовах. Апошняя выкарыстоўваецца на выявах старонак скарынаўскай Бібліі.

Памятная манэта Нацыянальнага банку Беларусі, прысьвечаная віленскаму пэрыяду жыцьця Скарыны
Памятная манэта Нацыянальнага банку Беларусі, прысьвечаная віленскаму пэрыяду жыцьця Скарыны

Ад сьнежня 2015 году Нацыянальны банк Беларусі выдае манэты сэрыі «Шлях Скарыны» наміналам 1 і 20 беларускіх рублёў. На сёньня выдадзена шэсьць манэтаў, прысьвечаных Полацку, Кракаву, Падуі, Вэнэцыі, Празе і Вільні. Яны таксама бітыя на Літоўскім манэтным двары. Манэту наміналам 1 рубель можна набыць за цану 15–18 беларускіх рублёў, наміналам 20 рублёў — заплаціўшы ад 90 да 115 рублёў.

Instagram Скарыны. Жыцьцё першадрукара ў 13 падарожжах

Францішак Скарына пераехаў у Вільню з Прагі ў 1520 годзе. У Вільні Скарына працаваў у першай ува Ўсходняй Эўропе друкарні, заснаванай ім у доме Якуба Бабіча. Падчас віленскага пэрыяду Скарыны былі выдадзеныя «Малая падарожная кніжка» і новае выданьне «Апостала». У першай палове 1530-х Скарына зь невядомых прычынаў вярнуўся ў Прагу, дзе, паводле розных зьвестак, працаваў ці то лекарам, ці то садоўнікам пры каралеўскім двары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG