Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міс сьвету на вазку» зьвярнулася ў пракуратуру. Але не паскардзілася на бар, а спытала пра законнасьць дзеяньняў аховы


Аляксандра Чычыкава, архіўнае фота
Аляксандра Чычыкава, архіўнае фота

Аляксандра Чычыкава, якую не хацелі пускаць у менскі бар «Туманы», бо ёй, вазочніцы, нібыта было бы там «небясьпечна», напісала зварот у пракуратуру. У бары сьцьвярджаюць, што выбачацца няма за што.

У ноч на 25 лютага Аляксандра Чычыкава зь сябрамі наведала вуліцу Зыбіцкую ў Менску, хацела завітаць у бар «Туманы». Ахова не хацела яе пускаць: нібыта «дзеля бясьпекі, бо бар у падвале, а туды вядзе вузкая лесьвіца, цяжка спускацца, а там шмат нецьвярозых людзей, будзе некамфортна».

Пасьля размовы з аховай яна выклікала мэнэджэра, той пагадзіўся, каб сябры дапамаглі ёй спусьціцца, ды калі адзін зьнёс яе на руках, выявілася, што другога, які меў зьнесьці вазок, не пусьцілі, бо нібыта ён быў нецьвярозы.

Як заявіў Tut.by дырэктар бару, «выбачацца банальна няма за што», бо «мы ўсіх і знасілі ўніз, і дапамагалі, і пыталі, куды паставіць вазок».

Чычыкава напісала скаргу разам зь юрыстамі Офісу абароны правоў людзей з інваліднасьцю. Але, як удакладняе яна Свабодзе, ня скардзілася на кіраўніцтва бару або мэнэджэраў і не наракала на тое, што не змагла трапіць у бар. Яна папрасіла пракуратуру ацаніць дзеяньні ахоўнікаў, якія пераконвалі яе не наведваць бар.

Аляксандра Чычыкава
Аляксандра Чычыкава

«Я апісала сытуацыю і папрасіла ацаніць, ці былі дзеяньні непасрэдна самой аховы правамернымі ў дачыненьні мяне, — тлумачыць Чычыкава. — У сваім першым пасьце з апісаньнем сытуацыі на Facebook я не рабіла загалоўка, што мяне не пусьцілі, ня ўтойвала, што пусьцілі, апісала ўвесь ход гісторыі.

За мяне вырашылі, дзе мне будзе бясьпечна, дзе мне адпачываць трэба, а дзе ня трэба

Мэтай усёй гісторыі не было абвінавачаньне, што мне не дазволілі ўвайсьці. Менавіта калі мы падышлі да бару, ахова сказала мне, што там небясьпечна, што там шмат людзей, накурана, будзе некамфортна і небясьпечна. Мой пост быў накіраваны на тое, што за мяне вырашылі, дзе мне будзе бясьпечна, дзе мне адпачываць трэба, а дзе ня трэба».

Чычыкава адзначае, што бачыла камэнтары аб тым, што ёй сапраўды было бы некамфортна ў тым бары і што «няма чаго хадзіць па барах уначы». Але яна адзначае, што як звычайны кліент яна акцэнтуе ўвагу на тое, што ёй не давалі магчымасьці выбраць, дзе адпачываць. Як дзейнічаць далей, яна хоча вырашыць у залежнасьці ад таго, якую ацэнку дзеяньняў ахоўнікаў дасьць пракуратура.

***

Прэс-служба менскай міліцыі раней не пракамэнтавала Свабодзе, ці можа ахова не пускаць чалавека ў бар, спаслаўшыся на меркаваньні бясьпекі. «Пры чым тут міліцыя?» — зьдзівілася супрацоўніца, папрасіла час для кансультацыі, больш на званкі не адказала.

Ад 1994 году ўводзіць у эксплюатацыю пасьля будаўніцтва ці рэканструкцыі сацыяльныя абʼекты без выкананьня правілаў даступнасьці для інвалідаў забаронена (хай гэта будзе нават бар у сутарэньні старога будынка).

Як адзначаў у камэнтары Свабодзе ка­ар­ды­на­тар Офі­су абароны пра­воў лю­дзей з ін­ва­лід­нас­ьцю Сяргей Драздоўскі, беларуская Канстытуцыя і падпісаная Беларусьсю Канвэнцыя аб правах людзей з інваліднасьцю забараняюць уводзіць нейкія абмежаваньні ў правілах бясьпекі паводле прыкметы інваліднасьці.

Летась Аляксандра Чычыкава стала «Міс сьвету — 2017 на вазку». Яна вядомая таксама як акторка Свабоднага тэатру. Вывучае ва ўнівэрсытэце псыхалёгію і сацыяльную пэдагогіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG