Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі Горадні: «Выйшлі працаваць, бо няма выйсьця...»


Прадпрымальнікі Горадні найдаўжэй (у параўнаньні з калегамі зь іншых рэгіёнаў) не выходзілі на працу, патрабуючы ад улады больш спрыяльных умоваў для свайго бізнэсу. Аднак сёньня на рынках іх ужо каля 20%, на выходных яшчэ паболее. Яны кажуць, што даверу да ўладаў няма, але працаваць мусяць, бо трэба карміць сем’і.

Сёньня на «Цэнтральным» рынку атмасфэра адчувальна ажывілася. На верхняй пляцоўцы працуюць большасьць прадпрымальнікаў, а на ніжняй, дзе асноўныя гандлёвыя рады, — усяго каля 20% гандляроў. Адзін з прадпрымальнікаў нібы раскладае тавар, але неяк нерашуча, аглядаецца. Цікаўлюся — ці зьбіраецца працаваць?

Спадар: «Ну вось выйшаў сёньня першы дзень. А не працаваў, паколькі немагчыма зразумець, на якіх умовах мы наагул працуем. От выйшаў, каб распрадаць рэшткі. Дакумэнтаў на іх няма, і новага тавару ніхто не завозіць. Вясеньні тавар для нас ужо, можна сказаць, накрыўся».

Побач спадарыня гандлюе жаночым адзеньнем. У яе таксама няма належных дакумэнтаў. А што ўлады паабяцалі — нібыта ня будуць чапаць, дык ёй ня вельмі ў гэта верыцца.

Спадарыня: «Стаім вось, а зараз як улупяць нам штраф у 9 мільёнаў, ды яшчэ задняй датай па поўнай праграме, як гэта ў нас і прынята рабіць... Выйшлі на свой страх і рызыку. І да якой пары яны будуць нас мучыць?.. Але як і казалі, што мы непатрэбныя, то я так і адчуваю, што непатрэбныя».

Да нашае размовы далучаецца спадар. Кажа, што тыя, хто выйшаў працаваць, адчуваюць сябе, насамрэч, даволі няўпэўнена.

Спадар: «Вядома, мы баімся, бо адны ў падатковай кажуць — выходзьце і працуйце, а другія назаўтра прыходзяць і правяраюць. Папраўдзе кажучы, ні мы нічога толкам ня ведаем, ні ў падатковай таксама нічога ня ведаюць».

Карэспандэнт: «Дык чаму выходзілі на працу, калі ня ўпэўненыя, што ваш тавар не канфіскуюць?»

Спадар: «Мы хадзілі ў падатковую, пыталіся, а нам там кажуць — гандлюйце, бо калі будуць зьмены, то потым даплаціце падатак».

Цікаўлюся ў прадпрымальнікаў — ці здолеюць яны ўтрымліваць свой бізнэс, калі падаткі, як ужо гаварылася, падымуцца ў два разы?

Спадарыня: «Мы ня здолеем выжыць. Лягчэй астаткі дапрадаць, і ўсё. Такія грошы трэба адпрацаваць, а хто ў нас купіць гэты тавар, калі ў людзей няма грошай? Цэны і так скідаем, каб толькі прадаць гэты тавар».

Спадар: «На выходныя выйдзе працаваць большая частка прадпрымальнікаў, але калі падатак падымуць да 5 мільёнаў 200 тысяч, то 20% адразу адыдуць, яны ня змогуць гэтага заплаціць. Бо да падатку дадайце 800 тысяч сацстраху, мільён — арэнда, камэра захоўваньня... Гэта нерэальна».

Яшчэ адзін прадпрымальнік кажа, што і выйсьця ў іх няма ніякага зараз, бо трэба неяк утрымліваць сем’і.

Спадар: «Дома сядзець ня будзеш, бо сям’ю карміць трэба. Тут, можа, хоць нешта, але заробім. Дома ж няма станка, каб грошы друкаваць, і зь неба яны ня падаюць».

Спадарыня: «Бізнэсу ўжо ніякага няма, дык і працаваць няма куды падацца...»

Спадар: «Дайце мне заробак 5 мільёнаў хаця б — і я пакіну гэты бізнэс і пайду кідаць лапатай...»

Спадарыня: «Мы ўсе занятыя пошукамі працы, але працы няма, паўсюль усё зачыняецца, людзей скарачаюць...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG