Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра прэзыдэнцкую клініку і разьвіты фэадалізм


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што пабудаваны за народныя грошы мэдычны цэнтар у Ждановічах будзе абслугоўваць «слугаў народу» бясплатна, а народ — за грошы, выклікала ў грамадзтве шквал нэгатыўных эмоцый, якія праліліся ў сацыяльныя сеткі.

Лепш бы яму памаўчаць, нічога не тлумачыць. Так было б лепей для захаваньня рэшткаў вобразу «народнага прэзыдэнта».

Але тут узьнікае адна вялікая праблема. Амаль чвэрць стагодзьдзя неабмежаванай улады абʼектыўна, незалежна нават ад асобы, моцна скажае ўяўленьне пра рэальнасьць. Уявіце, што чалавек больш за два дзясяткі гадоў ня мае абсалютна ніякіх абмежаваньняў ці пярэчаньняў ані ў палітыцы, ані ў прыватным жыцьці. Ніхто ў краіне не адважыцца сказаць, што кіраўнік дзяржавы ня мае рацыі, памыляецца. Гэта кажуць палітычныя апанэнты ці замежныя палітыкі — дык то ж ворагі, яны ж гэта робяць толькі дзеля шкоды. І ўся надзея толькі на вострае палітычнае чуцьцё. Але за 23 гады і яно прытупілася. Бо ўвесь гэты час ён фактычна ніяк не сутыкаецца з рэальным народам. Тая спэцыяльна падабраная і праінструктаваная масоўка падчас візытаў у рэгіёны ці дэлегаты ўсебеларускіх народных сходаў ствараюць ілюзію, імітацыю грамадзкай думкі, у якую зь цягам часу ён сам пачынае верыць.

Гэтая страта адчуваньня рэальнасьці рэгулярна праяўляецца ў розных формах. То ў выглядзе дэкрэту аб дармаедах, то ў патрабаваньні да 1 траўня ліквідаваць беспрацоўе ў краіне, то ў рэгулярных зьяўленьнях на публіцы ў вобразе султана ў атачэньні прыгожых дзяўчат...

Нагадаю, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады як непрымірымы змагар з намэнклятурай. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году менавіта чынавенства было абвешчана галоўным віноўнікам усіх бед народу. Будучы прэзыдэнт абяцаў бязьлітасна расправіцца зь нягоднікамі, вярнуць народу тое, што нарабавалі начальнікі, і ўрэшце ўсталяваць у Беларусі справядлівасьць.

Пабудаваная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль шмат у чым нагадвае фэадальную сыстэму эпохі абсалютнай манархіі

З таго часу мінула шмат гадоў і многае памянялася. Пабудаваная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль шмат у чым нагадвае фэадальную сыстэму эпохі абсалютнай манархіі. На чале дзяржавы — уладар зь нічым і нікім не абмежаванай уладай. Як вядома, фэадальнае грамадзтва герархічнае, саслоўнае. У кожнага саслоўя існуюць свае асобныя правы і прывілеі. У патэрналісцкай дзяржаве, у якой вялізная частка валавога прадукту пераразьмяркоўваецца чынавенствам, непазьбежна павінна зьявіцца намэнклятурная каста. За выкананьне цяжкай функцыі дзяльбы грамадзкага пірага гэтыя людзі павінны мець адпаведныя прывілеі. Лёгіка палітычнага працэсу і функцыянаваньня патэрналісцкай дзяржавы абʼектыўна прывяла да таго, што Лукашэнка ператварыўся з зацятага змагара з намэнклятурай у яе абаронцу і гаранта.

Гэтыя прывілеі мы бачым на кожным кроку. Існуе забарона на крымінальны перасьлед чыноўніка з прэзыдэнцкага рэестру без дазволу самога Лукашэнкі. Палацы ў Драздах, клініка ў Ждановічах, высокія пэнсіі дзяржслужачым, перамяшчэньне на службовых аўто, магчымасьць лабіраваць эканамічныя праекты дзеля «расьпілу» бюджэтных грошай і інш.

Праўда, ёсьць і малапрыемныя выдаткі. Трэба прысутнічаць на трыбунах падчас матчаў «каманды прэзыдэнта», удзельнічаць у «Менскай лыжні», дэманструючы публіцы ня вельмі спартовую фігуру, зьбіраць бульбу і кавуны на прэзыдэнцкім полі ў Драздах. Ну, і вялікая верагоднасьць трапіць у турму ў выпадку апалы. Дык і баяраў расейскі цар рэгулярна аддаваў незадаволенаму натоўпу, які падымаў іх на вілы. Разьвіты фэадалізм у дзеяньні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG