Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску задумалі збудаваць крэмніевы завод


Пінск, ілюстрацыйнае фота

Намесьнік старшыні пінскага гарвыканкаму Міхаіл Самалазаў расказаў БЕЛТА аб плянах будаўніцтве ў горадзе заводу для вытворчасьці зьліткаў монакрышталёвага крэмнію, які далей можна выкарыстоўваць у стварэньні электронікі. Завод можа запрацаваць ужо ў 2019 годзе.

Падпісаньне інвэстыцыйнага пагадненьня заплянаванае на жнівень, папярэдні дакумэнт аб намерах пашырэньня вытворчасьці ўжо падпісаны. Завод будзе будавацца як супольнае прадпрыемства з амэрыканскай кампаніяй Silicon Materials, супольна зь якой ужо створаны завод «КамСіл» у Пінску (сама кампанія месьціцца ў Пэнсыльваніі са штатам 67 чалавек). Амэрыканцы маюць укласьці ў завод больш за 3 млн даляраў.

Як сьцьвярджае гарадзкі кіраўнік, завод будзе выпускаць ня толькі «імпартазамяшчальную прадукцыю», але і можа працаваць на экспарт. Ён дадаў, што такая вытворчасьць можа прэтэндаваць на электраэнэргію паводле льготных тарыфаў.

Да 1 чэрвеня мае быць вызначаны ўчастак, на якім будзе будавацца новы завод, паралельна мае весьціся распрацоўка праектнай дакумэнтацыі.

Пакуль Міхаіл Самалазаў не казаў ні пра маштабы заплянаванай вытворчасьці, ні пра варыянты разьмяшчэньня заводу, ні пра магчымы ўплыў на навакольнае асяродзьдзе і здароўе пінчукоў. Некаторыя зь іх тым часам скардзяцца на здароўе пасьля працы на акумулятарных заводах.

У Расеі ў апошнія гады адбывалася некалькі пратэстаў супраць будаўніцтва крэмніевых заводаў, напрыклад у Омску і Абакане. Мясцовыя ўлады пераконвалі жыхароў у бясьпецы такіх заводаў, ды тыя хваляваліся з прычыны блізкасьці вытворчасьці да гораду — маўляў, на Захадзе такія заводы будуюць мінімум за некалькі кілямэтраў ад любых паселішчаў, у сотнях кілямэтраў ад буйных гарадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG