Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пахавала «нармандзкая чацьвёрка» Менскія пагадненьні?


Перамовы «нармандзкай чацьвёркі».
Перамовы «нармандзкай чацьвёркі».

На працягу пяці гадзін у Бэрліне Пятро Парашэнка, Ангела Мэркель, Уладзімір Пуцін і Франсуа Алянд вялі «нялёгкую размову» ў фармаце «нармандзкай чацьвёркі».

Пасьля сустрэчы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў, што, «нягледзячы на камэнтары, якія гучалі ў жніўні пра тое, што “нармандзкага фармату” больш не будзе, што ён сябе вычарпаў, ніякай альтэрнатывы “нармандзкаму фармату” на сёньняшні дзень не існуе, і гэта было выразна адзначана ў час сёньняшняй сустрэчы».

На пасяджэньні зацьвердзілі прапановы, якія датычацца «дарожнай мапы» вырашэньня крызісу ў Данбасе. Ніякіх дакумэнтаў не падпісалі, але вырашылі, што да канца лістапада міністры замежных спраў зацьвердзяць аснову праекту «дарожнай мапы», якая зьяўляецца дакумэнтам аб імплемэнтацыі ўсіх менскіх пагадненьняў: пагадненьня ад 5 верасьня, мэмарандуму ад 19 верасьня, а таксама дакумэнту ад 12 лютага 2015 году.

Пры гэтым усе пытаньні бясьпекі, акрэсьленыя ў менскіх дамоўленасьцях, зьяўляюцца складнікамі «дарожнай мапы» і пляну імплемэнтацыі. Маецца на ўвазе і рэжым спыненьня агню, і вывад замежных войскаў, і бесьперашкодны доступ адмысловай маніторынгавай місіі АБСЭ да ўсёй акупаванай тэрыторыі.

Фясенка: Гаварылі пра бясьпеку. І гэта добра

Кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімер Фясенка лічыць, што на сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» падзеі разгортваліся паводле пляну Ўкраіны – пераважна абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі, а не выбары ў Данбасе.

Уладзімер Фясенка, архіўнае фота
Уладзімер Фясенка, архіўнае фота

«Я згодны з ацэнкамі сустрэчы Ангелы Мэркель, якая сказала, што ёсьць пэўны прагрэс, хоць цуду і ня здарылася. Для нас, для ўкраінскага боку, вельмі важна, што нават Пуцін пацьвердзіў, што ў асноўным абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі. І ёсьць папярэднія дамоўленасьці аб працягу працэдуры адвядзеньня войскаў і ўзбраеньня ад лініі разьмежаваньня. Фэдэральны канцлер Нямеччыны пацьвердзіла, што абмяркоўвалася пашырэньне паўнамоцтваў місіі АБСЭ, якая будзе кантраляваць выбары ў Данбасе. Дарэчы, пра гэта сказаў і Пуцін, няхай і без дэталізацыі.

Што не ўдалося? Самае галоўнае, што не ўдалося завяршыць работу над самым галоўным дакумэнтам – “дарожнай мапай” вырашэньня крызісу. Пакуль гэты дакумэнт яшчэ не гатовы, дапрацоўваць яго павінны міністры замежных спраў краін “нармандзкай чацьвёркі”.

Станоўчы момант – тое, што ключавым пытаньнем была бясьпека. Да сустрэчы лідэраў “нармандзкай чацьвёркі” можна было меркаваць, што Расеі і Францыя разьлічваюць, што самым галоўным пытаньнем будзе пытаньне выбараў на Данбасе. Гэтага не адбылося. Прыйшлі да высновы, што, пакуль ня будуць вырашаныя пытаньні бясьпекі, пакуль ня будзе ўстойлівага замірэньня, рана вызначаць дату выбараў. Разам з тым было вырашана актывізаваць працу над заканадаўствам, якое датычыцца выбараў на Данбасе. Але Ўкраіне ўдалося пераканаць нават Пуціна, што найперш трэба вырашыць пытаньне бясьпекі, і толькі пасьля гэтага абмяркоўваць дэталі правядзеньня выбараў».

Калачоў: Шляхоў замірэньня сэпаратыстаў з Украінай няма

Маскоўскі палітоляг Канстанцін Калачоў лічыць, што рашэньні, якія прымаюцца на ўзроўні прэзыдэнтаў, маюць вельмі мала агульнага з тым, што адбываецца ў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

Канстанцін Калачоў, архіўнае фота
Канстанцін Калачоў, архіўнае фота

«Гаварыць аб прагрэсе не даводзіцца. Як толькі пачнуцца канкрэтныяразмовы пра выбарчае заканадаўства ў “ДНР” і “ЛНР”, адразу ўзьнікнуць праблемы.

Тупіковасьць сытуацыі вызначаецца тым фактам, што, нягледзячы на тое, якім будзе заканадаўства для правядзеньня выбараў на Данбасе, там не перамогуць праўкраінскія сілы. Абсалютна зразумела, што перамогуць антыўкраінскія сілы, якія не выяўляюць ніякай волі да таго, каб выконваць тое, пра што дамаўляюцца прэзыдэнты краін “нармандзкай чацьвёркі”.

І невядома, што можа іх прымусіць выконваць гэтыя дамовы. Іншымі словамі, сёньня няма шляхоў замірыць “ДНР” і “ЛНР” з аднаго боку і Ўкраіну з другога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG