Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотафакт: Пефціеў будуе «мікра-РЛС»


Дом, які будуе мільярдэр Пефціеў пад Менскам, вельмі падобны да радыёлякацыйнай станцыі «Волга»

Калі я пабачыў дом набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Пефціева, у мяне ўзьнікла адчуваньне дэжавю.

Недзе напрыканцы 1994 году разам з дэпутатамі Галінай Сямдзянавай, Лявонам Дзейкам і акадэмікам Яўгенам Канаплёй наведалі мы ў Клецкім раёне РЛС «Волга» (расейская радыёлякацыйная станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе, уваходзіць у сыстэму касьмічных войскаў РФ). Тады вырашалася — ці працягваць будаўніцтва, ці ўзарваць аб’ект, як гэта зрабілі прыбалты (натуральна, нашае меркаваньне ўжо ня мела сілы — Лукашэнка пагадненьне з Масквой падпісаў).

Будынак быў яшчэ неабсталяваны, і ягоныя ламаныя геамэтрычныя лініі, вялізная, няўтульная ўнутраная прастора стваралі нейкае фантасмагарычнае ўражаньне.

Звычайна ва ўласных дамах гаспадары рэалізоўваюць свае эстэтычныя прыярытэты. Але здараецца — і комплексы. Вядома, што свае мільярды спадар Пефціеў зрабіў на гандлі (у тым ліку і ў краіны «трэцяга сьвету») зброяй — той самай, якая засталася ад Беларускай вайсковай акругі, перанасычанай танкамі, гарматамі і рознай драбязой кшталту «калашнікавых».

РЛС, вядома, загнаць праблематычна.

Але можна на ўласным участку пабудаваць сабе мікра-РЛС.

РЛС «Волга» адсочвае паветраную прастору на амаль 5 тысяч кілямэтраў і кантралюе манэўры НАТАўскіх падводных лодак аж ля берагоў Нарвэгіі.

Можа, спадар Пефціеў вырашыў услужыць «вярхоўнагалоўнакамандуючаму» і папярэдзіць яго пра чарговы скандынаўскі «плюшавы дэсант»?

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG