Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніца абвінаваціла блогера Павука ў «занудлівым прыставаньні». Будзе суд


Андрэй Павук, архіўнае фота
Андрэй Павук, архіўнае фота

Старшыня Любанскага сельсавету Акцябрскага раёну Тамара Кароль напісала заяву ў міліцыю на мясцовага блогера і фрылансэра, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Павука. Паводле заявы, Павук «сваімі дзеяньнямі правакаваў яе на размову», а таксама «задаваў пытаньні асабістага характару, занудліва прыставаў».

«У сельсавет, — сказаў Андрэй службе маніторынгу БАЖ, — я прыяжджаў на мінулым тыдні зь відэакамэрай. Хацеў даведацца, зь якой прычыны Тамара Кароль арганізавала калектыўны ліст бацькоў школьнікаў, каб мяне ня бралі ў Любанскую базавую школу настаўнікам біялёгіі і хіміі. Ды арганізавала так, што з васьмі подпісаў адзін быў падроблены. Таму, відаць, і пасыпаліся абвінавачаньні ў „занудлівым прыставаньні“ і „пытаньнях асабістага характару“. Бо на танцулькі, вядома, я нікога ня клікаў. Сельская дэпутатка-старшыня асабліва пакрыўдзілася, калі ўбачыла, што камэра ўключана і размова запісваецца. Вось яна і стала выклікаць міліцыю, а пасьля і заяву напісала пра мае „занудлівыя прыставаньні“. А супрацоўнік РАУС Андрэй Арцюшка, не заглыбляючыся ў сутнасьць невялічкага інцыдэнту, склаў пратакол у дачыненьні да мяне на дробнае хуліганства».

Андрэй Павук у свой час скончыў біялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту і тэхнікум па спэцыяльнасьці «дызайнэр мэблі». Працу ў райцэнтры знайсьці складана, таму аказваў рудабельцам фотапаслугі як індывідуальны прадпрымальнік, ды яшчэ арганізаваў у сацыяльнай сетцы групу «Рудабельская паказуха», дзе ня раз крытыкаваў мясцовае чынавенства.

Дамову на арэнду памяшканьня пад фатастудыю неспадзявана скасавалі, і Андрэй, па сутнасьці, застаўся бяз працы. Тым часам у Любанскай базавай школе з трэцяй чвэрці адкрывалася вакансія — выкладчыца сышла ў дэкрэтны адпачынак.

Як параілі ў раённым аддзеле адукацыі, Павук паехаў у вёску, каб пазнаёміцца са школай і ўладкавацца на часовую працу настаўнікам біялёгіі й хіміі. Але варта было Андрэю выехаць зь Любані, як у аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкаму паляцеў ліст бацькоў школьнікаў, у ліку якіх і старшыня сельсавету Тамара Кароль:

«Улічваючы тое, што на працу накіроўваюць Павука Андрэя Ўладзіміравіча, у якога няма досьведу навучаньня дзяцей, і ў сувязі з тым, што мы начуліся пра яго „дзейнасьць“, пераканаўча просім дадзенага настаўніка да нас не накіроўваць».

Ліст прымусіў Андрэя Павука зноў выбрацца ў Любань, каб даведацца, якую такую «дзейнасьць» мелі на ўвазе Тамара Кароль ды іншыя падпісанты. Там і высьветлілася, што Алена Новікава, маці сяміклясьніка, ліст ня толькі не падпісвала, але пра яго і ня ведала.

Цікаўнасьць блогера да свае «характарыстыкі» міліцыя з падачы Тамары Кароль выдае цяпер за хуліганства. Адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 17.1 Акцябрскі раённы суд мае разглядаць у лютым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG