Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея непазьбежна коціцца да сур’ёзных узрушэньняў, магчыма, да катастрофы, — Шарамет


Каардынатар сайту «Беларускі партызан» Павал Шарамет правёў пікет каля расейскай амбасады ў Кіеве з плякатам «Сьмерць Нямцова — ганьба Расеі».

Ён зладзіў гэтую акцыю з нагоды 40 дзён ад забойства ў Маскве Барыса Нямцова.

«У Кіеве выйсьці з плякатам ня страшна. У Менску забіраюць людзей у пастарунак, нават калі яны выходзяць з пустымі аркушамі паперы. У Маскве могуць падаслаць ціхароў, каб сарваць адзіночны пікет і арыштаваць дзёрзкіх актывістаў. У Кіеве да грамадзянскага пратэсту ставяцца спакойна», — піша Павал Шарамет на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Амбасада Расеі натапырылася жалезнымі ахоўнымі пласьцінамі на вокнах і калючым дротам па пэрымэтры. Шырокія жалезныя жалюзі ператварылі будынак амбасады ў жалезную бочку. Нават калі нехта і назіраў за намі зь яе, то відавочна лічыў нас вар’ятамі і нанятымі сусьветнай закулісай ворагамі», — адзначае журналіст.

«Я перакананы, што Расея непазьбежна коціцца да сур’ёзных узрушэньняў, магчыма, да катастрофы. Спыніць запушчаную праграму самаразбурэньня сыстэмы амаль немагчыма. Перажыць без наступстваў цемрашальства, якое разьліваецца паўсюль, нерэальна. Калі нянавісьць распальваюць да ўсяго навакольнага сьвету, значыць, гэта каму-небудзь трэба. І лепшым рашэньнем для кожнага канкрэтнага чалавека было б уцякаць, схавацца ад катастрофы, якая насоўваецца», — адзначае Павал Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG