Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля публікацыі Свабоды суд папрасіў прабачэньня ў Юрася Беленькага


Юрась Беленькі, архіўнае фота
Юрась Беленькі, архіўнае фота

19 сакавіка намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі атрымаў зь Ленінскага раённага суду Менску ліст з выбачэньнямі, падпісаны выканаўцай абавязкаў старшыні суду Ірэнай Бролішс.

Судзьдзя выбачылася за сваю калегу Марыну Запасьнік, якая накіравала ў органы апекі і папячыцельства Ленінскага раёну зьвесткі адносна Юрася Беленькага для «забесьпячэньня кантролю за становішчам дзяцей у сям’і і своечасовага прыняцьця мер па абароне іх інтарэсаў».

«Копія пастановы суду Ленінскага раёну Менску ад 21.11.2014 г. памылкова накіраваная 01.12.2014 г. у орган апекі і папячыцельства, у сувязі з чым прыносім Вам свае выбачэньні», — напісана ў лісьце за подпісам І.Я. Бролішс.

Юрась Беленькі лічыць, што выбачэньню паспрыяў розгалас гэтай гісторыі ў мэдыях, які пачаўся з публікацыі на сайце Радыё Свабода.

«Вы зрабілі публікацыю, і потым шмат якія мэдыі, у тым ліку Белсат, пра гэта паведамілі, што такая дзікая гісторыя адбылася. Я ў пракуратуру пісаў, што вяртаецца практыка сталінскіх часоў, калі дзяцей каралі за бацькоў і рабілі закладнікамі. Пракуратура адаслала маю скаргу ў суд, і там мусілі адрэагаваць».

Гэта было зроблена невыпадкова. Пра непрафэсіяналізм судзьдзі тут казаць не даводзіцца

Судзьдзя Марына Запасьнік зь Ленінскага раённага суду, якая прысудзіла Юрасю Беленькаму штраф за акцыю «Дзяды» ў Лошыцкім яры, даслала копію пастановы ў органы апекі і папячыцельства. Судзьдзя спаслалася на дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 18, паводле якога суды мусяць інфармаваць органы апекі і папячыцельства адносна пакараньня бацькоў, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці, ня толькі ў выпадку парушэньня Крымінальнага кодэксу, але і Адміністрацыйнага кодэксу. Між тым у лік 6 пунктаў, калі гэта трэба рабіць, не ўваходзіла парушэньне парадку правядзеньня і арганізацыі масавага мерапрыемства, за што пакаралі Юрася Беленькага. Палітык мяркуе, што дзеяньні судзьдзі Марыны Запасьнік нельга лічыць проста судовай памылкай.

«Гэта было зроблена невыпадкова. Дакладна ведаю, што ў Ленінскім судзе разглядаюць за дзень дзясяткі адміністрацыйных спраў і добра падзяляюць, калі трэба накіроўваць зьвесткі, а калі — не. Таму пра непрафэсіяналізм судзьдзі тут казаць не даводзіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG