Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Францыі ўхваліў забарону сацыяльных сетак для дзяцей. А як у Беларусі

Францыя стала першай краінай Эўразьвязу, якая ўвяла такія захады.

Парлямэнт Францыі 21 ліпеня ўхваліў забарону карыстаньня сацыяльнымі сеткамі для асобаў, маладзейшых за 15 гадоў.

Як паведамляе AFP, у падтрымку законапраекту выказаліся 279 дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі, супраць быў 81. Раней законапраект ухваліў Сэнат.

Прэзыдэнт Эманюэль Макрон, які актыўна выступае ў падтрымку гэтага закону, напісаў у сацыяльных сетках, што Францыя — эўрапейскі лідэр у пытаньнях абароны дзяцей і падлеткаў. Ён падзякаваў парлямэнту, адзначыўшы, што рашэньне яшчэ мае ўхваліць Канстытуцыйная рада. Раней Макрон выказваў надзею, што забарона набудзе моц ужо да верасьня.


З 1 верасьня сацыяльныя сеткі павінны забараніць адкрываць новыя акаўнты асобам, маладзейшым за 15 гадоў, а да 1 студзеня 2027 году маюць быць закрытыя наяўныя акаўнты францускіх дзяцей. Для доступу да сацыяльных сетак карыстальнікі мецьмуць даказаць, што яны ўжо дасягнулі 15 гадоў.

Дакумэнт не прадугледжвае якіх-небудзь пакараньняў для дзяцей ці іхных бацькоў за парушэньне забароны.

Большасьць палітычных сілаў падтрымала забарону, указваючы на рызыкі для здароўя і бясьпекі дзяцей у такіх сацыяльных сетках, як TikTok, Snapchat або Instagram. Праціўнікі законапраекту галоўным чынам выказвалі асьцярогі ў сувязі з магчымым умяшаньнем уладаў у прыватнае жыцьцё і выцекамі пэрсанальных зьвестак.

Першай краінай у сьвеце, якая забараніла дзецям да 16 гадоў рэгістравацца ў сацсетках, стала Аўстралія. Акрамя Францыі, шэраг іншых эўрапейскіх краін, напрыклад Грэцыя і Гішпанія, таксама хочуць увесьці такую забарону на нацыянальным узроўні. Забарона ці абмежаваньні на доступ дзяцей да сацыяльных сетак абмяркоўваюцца і на ўзроўні ЭЗ, хоць пакуль рашэньняў не было.

А як у Беларусі

У сакавіку 2026 году на пытаньне журналістаў, ці будуць улады Беларусі ўводзіць ўзроставыя цэнзы на карыстаньне сацыяльнымі сеткамі на ўзор некаторых краін, адказаў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў:

«Па-першае, не блякаваць сацыяльныя сеткі для дзяцей 15–16 гадоў, а ўводзіць узроставыя абмежаваньні й іншыя цэнзы, якія ўжо заканадаўча прынятыя, у тым ліку і ў суседніх краінах. З улікам таго, што сацыяльныя сеткі ўсё больш пачынаюць уплываць на маладое пакаленьне, якое... не атрымлівае досьведу прачытаньня папяровых газэт і застаецца верным сваім лічбавым пляцоўкам, празь якія нам дастаткова эфэктыўна ўдаецца прасоўваць сваю праўду адносна краіны...

Прымаць рэгуляцыйныя рашэньні ў адносінах абмежаваньняў па ўзросьце ці нейкіх яшчэ парамэтрах мы пакуль не зьбіраемся», — падкрэсьліў Пярцоў.

Такіх мэханізмаў абмежаваньня, паводле яго, у Беларусі пакуль няма.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG