Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр прэзыдэнт Вануату. Раптоўна


Вёска Намакара ў Вануату. Ілюстрацыйнае фота
Вёска Намакара ў Вануату. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Вануату Балдвін Лонсдэйл памёр у Порт-Віле пасьля раптоўнага сардэчнага прыступу, перадае Radio New Zealand.

Паводле афіцыйных крыніцаў, увечары 16 чэрвеня Лонсдэйлу стала кепска і ён быў дастаўлены ў цэнтральны сталічны шпіталь, дзе ўначы памёр.

Прэзыдэнтам астраўной дзяржавы з насельніцтвам крыху больш за 260 тысяч чалавек Лонсдэйл быў абраны ў 2014 годзе і стаў восьмым па ліку кіраўніком за ўсю гісторыю Вануату. Ён сьвятар англіканскай царквы.

Згодна зь мясцовым заканадаўствам, новы прэзыдэнт мусіць быць абраны адмысловай калегіяй выбарнікаў, якая складаецца з чальцоў парлямэнту і кіраўнікоў рэгіянальных саветаў, цягам бліжэйшых трох тыдняў.

Рэспубліка Вануату – ціхаакіянская дзяржава, разьмешчаная на 83 выспах архіпелягу Новыя Гебрыды. Мяжуе з тэрытарыяльнымі водамі Саламонавых выспаў, Новай Каледоніі, Фіджы і эканамічнай зонай Аўстраліі. Першая згадка пра «невядомыя паўднёвыя землі» датаваная 1606 годам, адкрыцьцё належыць гішпанскім мараплавам.

У 1906 годзе выспы былі прызнаныя заморскімі тэрыторыямі Брытаніі і Францыі пад назвай Новыя Гебрыды. 30 ліпеня 1980 году абвешчананезалежнасьць пад афіцыйнай назвай Рэспубліка Вануату.
Дзяржава -- сябра ААН, Садружнасьці нацый, Паўднёваакіянскай камісіі і Форуму ціхаакіянскіх выспаў.

У 2011 годзе набыткам галоснасьці стала дамова паміж Абхазіяй і Вануату аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў. Прадстаўнікі абхаскага ўраду паведамілі, што Вануату стала пятай краінай, якая прызнала самаабвешчаную рэспубліку. Амбасадар Вануату пры ААН, аднак, пазьней зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

У 2012-м Рэспубліка Вануату стала чальцом Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG