Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што папраўдзе значыць слова „памяркоўны“?


ПАМЯРКОЎНЫ
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:07:16 0:00

Беларусаў лічаць памяркоўнымі. Рэгулярна ўспыхваюць дыскусіі, ці добра цэламу народу быць памяркоўным: маўляў, адсюль і нашыя беды.

А мо мы няправільна разумеем слова памяркоўны? Возьмем за экспэртаў людзей на вуліцы.

— Памяркоўны... Памяркоўны — гэта каторы думае, што зрабіць!
— Это значит, что он рассудительный.
— Ва-первых, чалавек не ўзрыўной. Значыць, преждзе чэм што-та прыняць, он, наверна, што-та падумает.
— Сначала памяркует, а потом уже сделает.

Відавочна, для спытаных галоўны, першасны сэнс слова памяркоўны — ад меркаваць ‘думаць, разважаць, раіцца; разьлічваць’.

Гэта чыста нашыя, беларускія асацыяцыі: няма адпаведнага слова ў расейскай і польскай, а ўкраінскае поміркований і ўтворана інакш, і мае інакшы набор значэньняў.

А меркаваць у гаворках азначае нават ‘падлічваць’. І невыпадкова чуем ад спадарыні:

— Памяркоўны — гэта значыць эканомны.

Значэньне даўняе. Яшчэ Іван Насовіч пачуў у народнай мове:

Памяркоўны ‘сообразный с требованием обстоятельства’: Памяркоўнае вядзець жыцьцё. Памяркоўныя робе выдаткі.
Памяркацыя ‘разьлік’.
І. Насовіч. Слоўнік беларускай мовы, 1870

Разважлівы чалавек адпаведна паводзіцца зь іншымі. Памяркоўны

— Одинаково относящийся и по-доброму относящийся ко всем.
— Прокрутит разные варианты, где ему будет лучше или где окружающим.

Ці добра быць памяркоўным?

Для бальшыні спытаных — добра:

— Я шчытаю, што ўсё-такі эта харошая вешч, харошая.
— Конечно, самая хорошая, мне кажется, в наше время.
— Не-е, гэта добра. Добра.

Хаця былі іншыя думкі (ад маладых удзельнікаў апытаньня):

— Смотря в какой ситуации. Допустим, когда-то надо быстрей немножко пошевелиться, а иногда не спешить и подумать.
— Я считаю, что вообще не бывает ничего ни доброго, ни кепскага.

Ці памяркоўнасьць складнік беларускага мэнталітэту?

— Ну я думаю, што гэта так.
— Вот эта, я шчытаю, так ано і есьць: беларусы памяркоўныя, то эта точна.
— Ну я, как сам беларус, я считаю себя памяркоўным.

Але зноў жа маладзейшыя пярэчаць:

— Ну это какой-то… я не знаю, стереотип.

А ці добра, што цэлы народ такі?

— Хорошо, наверное, потому что не лезут в конфликты (если мы рассматриваем политическую ситуацию), а с плохой стороны — прогресс не так быстро идёт из-за того, что нет столько энергии и усилий: в разные направления, области беларусы не так „лезут“.

Відаць, для маладога чалавека памяркоўны амаль сынонім словам млявы, лянівы. Наагул у нашым апытаньні (вядома, нерэпрэзэнтацыйным) менавіта маладзейшыя паставіліся да памяркоўнасьці без энтузіязму.

Як у два прыёмы падмяніць значэньне слова

Думаю, прычына вось у чым. Даверлівыя людзі любяць, калі іх характарызуюць (і ловяць на кручок) заведама пазытыўнымі словамі. Ёсьць у нас прамоўца, які рэгулярна ўжывае выраз „памяркоўныя беларусы“ ў сваіх расейскамоўных выступах:

И люди, наши „памяркоўныя“, как у нас говорят, осторожная, рассудительная Беларусь, закрыв глаза, проголосовала за этого мальчишку. За меня.
Аляксандар Лукашэнка. 2003

Мы же люди „памяркоўныя“, от земли.
Аляксандар Лукашэнка. 2004

Тут слова памяркоўныя ў адным шэрагу з прыметнікамі асьцярожныя, разважлівыя, з выразам „ад зямлі“. Як быццам нічога кепскага, суцэльны пазытыў, цяжка пярэчыць. Тым, хто ведае жывую беларускую мову, чуць пра сябе такія словы даспадобы.

І раптам:

…Привыкли многие к тому, что белорусы — люди такие „памяркоўныя. Они часто в истории, согнув голову, тихонько ходили по этой земле, боялись где-то слово промолвить.
Аляксандар Лукашэнка. 2008

Тут ужо памяркоўныя = запалоханыя і пакорлівыя!

Такое разуменьне хутка засвойваюць і госьці з Усходу:

Александр Лукашенко – личность, бесспорно, неординарная и потому интересная. Кстати, в ходе поездки мы всё время слышали слово „померковный“, что по-русски значит „спокойный, терпеливый“. Это и есть, говорят, главная национальная черта белорусского характера.
Областная газета (Сьвярдлоўская вобл. Расеі). 15.11.2011

Расейскі блогер піша:

…И все это с невероятным белорусским терпением и покорностью. То есть, белорус невероятно терпелив, или как здесь говорят «Мы белорусы — померковные», что и представляется мне белорусской чертой № 2.
(Shkolazhizni.ru)

На жаль, падхопліваюць такое разуменьне слова памяркоўны і беларускія аўтары: „За померковность и рабское молчание надо платить“.

А мы памяркуем і дубцом, калі трэба!

Але памяркоўны — не прыгнечаны, не занадта рахманы і цярплівы, не пакорлівы злу. А разважлівы. Можа хіба крыху запаволены. Памяркоўны — гэта і той, зь якім можна згаварыцца, г. зн. ‘дагавораздольны’, зусім станоўчая і карысная якасьць чалавека заходняй цывілізацыі.А яшчэ памеркавацца можа азначаць ‘падзяліцца з кімсьці’, а нават ‘паладзіць, памірыцца’:

Пярастаньце сварыцца! Ніяк не памяркуюцца. Бо вазьму дубца, то памяркую вас. (Запісаў Фёдар Янкоўскі на Глушчыне).

Такое вось міратворства — ня хочаш мірыцца, то прымусім дубцом. Якая ўжо тут пакора.

Для пацьверджаньня відавочнага я зьвярнуўся да афіцыйнага нарматыўнага слоўніка. Але, на сваё вялікае зьдзіўленьне, асноўнага значэньня слова памяркоўны — ‘разважлівы, які спакойна разьлічвае’, а таксама іншых названых вышэй значэньняў там не знайшоў:

памяркоўны ‘падатлівы; мяккі; добразычлівы’; ‘ня схільны да крайнасьцяў’.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. 1979

І ўсё. Можа таму маладзейшыя людзі, якія беларускую мову засвойвалі з кніг і мэдыя, а не з жывой гаворкі, ставяцца да памяркоўнасьці асьцярожна:

— Чаму гэта пайшло, што беларусы памяркоўныя такія?
— Ну в книжках пишут, которые мы в школе читаем. Но вы же сами понимаете, что книги эти пишутся кем-то для того, чтобы у нас были какие-то мысли.

Вось такая нам міні-лекцыя з мэдыяадукацыі. Відавочна, малады чалавек разумее памяркоўнасьць менавіта як пакорлівасьць і падатнасьць ды лічыць, што нас на такія паводзіны праграмуюць.

Вернем слову значэньне, а сабе — годнасьць

Вось жа калі з тэлевізара чуваць заклінаньне: вы памяркоўныя... памяркоўныя... — то гэта, хутчэй за ўсё, азначае — сядзіце ціха і не высоўвайцеся. Але беларуская памяркоўнасьць — гэта іншае. Мудры чалавек ведае, калі настае пара адстаяць сябе. І разважліва выбера для гэтага правільны момант и правільны спосаб.

Ня трэба саромецца таго, што мы народ у цэлым памяркоўны. Але насьпела пара вярнуць слову памяркоўны яго першаснае годнае значэньне.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG