15 траўня Паліна Рэспубліка з пашыраным складам свайго гурту прадставіць песьні з альбому «Бясконцы красавік». Канцэрт пройдзе ў прасторы Studio 67 ў двух аддзяленьнях і будзе падсумаваньнем першага этапу ў творчасьці сьпявачкі.
Да гэтага альбому Паліна ішла сем год. Асновай праграмы сталі песьні, якія яна напісала ў 15-16 год, працу на студыі сьпявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй ня споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годзьдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам.
«Для мяне гэтыя песьні зьвязаныя зь бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасьцю і захопленасьцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэньне і ты перапоўнены жыцьцёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуваньні я хацела захаваць у альбоме, зь імі звязана назва і агульная канцэпцыя», — кажа Паліна.
Ужо прэзэнтаваны загалоўны сынгл — песьня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песьні з альбому прагучаць у выкананьні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зроблены ў іншых аранжыроўках. Музыкі называюць гэты канцэрт сьвятам, на якім яны адзначаць вынік шматгадовай працы. Месцам для выступу абраная новая пляцоўка — крэатыўная прастора «Studio 67» зь вялікай сцэнай і прасторнай заляй.
Канцэрт пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin. fm разам з грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».
Паліна Рэспубліка (сапраўднае імя Паліна Паланейчык) — сьпявачка зь Менску, мае 21 год, вучыцца на режысэра ў Акадэміі мастацтваў. Пераможца фэстывалю «Бардаўская восень-2011». Прызнаная «Адкрыцьцём 2011 году» ў беларускай музыцы па вэрсіі Tuzin. fm. Выступае ў суправаджэньні гурта. Пасьпяхова гастралюе па Беларусі, Украіне і Польшчы. Самыя вядомыя песьні «Як ты», «Красавік», «Сарафан», «Дарэчы», «Танга» ды іншыя.
Канцэрт адбудзецца пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода.