Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдкая зьява: у Беларусі можна будзе назіраць палярнае зьзяньне


Ілюстрацыйнае фота

Пасьля наймацнейшай сонечнай успышкі за апошнія 12 гадоў у Беларусі можна будзе назіраць палярнае зьзяньне, перадае БелТА. Уночы з 8-га на 9-га і з 9-га на 10-га верасьня, калі ня будзе аблокаў і калі ад’ехаць падалей ад гораду і паглядзець на поўнач, палярнае зьзяньне можна будзе ўбачыць няўзброеным вокам.

«Такая магчымасьць выпадае раз на сто гадоў», — кажа астраном Віктар Малышчыц. У 2015 годзе яму ўжо ўдавалася сфатаграфаваць падобную зьяву ў Раўбічах.

Палярнае зьзяньне ўзьнікае ў верхніх слаях атмасфэры, калі яны ўзаемадзейнічаюць з сонечным ветрам (патокам іянізаваных часьцінак з кароны Сонца), найбольш інтэнсіўна сьвецяцца азот і кісларод. Палярныя зьзяньні звычайна назіраюцца ў высокіх шыротах вакол магнітных палюсоў Зямлі (у нармальных умовах дыямэтар кольца, у якім можна назіраць палярнае зьзяньне, складае 3000 км ад магнітнага полюсу).

Тым часам успышка, што адбылася на Сонцы 6 верасьня, увайшла ў 5 самых магутных за гісторыю назіраньняў, 7 верасьня за ёй настала яшчэ адна блізкая па магутнасьці ўспышка, аб 11-й гадзіне 8 верасьня — яшчэ адна.

Сонечныя ўспышкі, калі рэчыва даходзіць да Зямлі, выклікаюць геамагнітныя буры. Падчас іх дактары папярэджваюць людзей аб магчымым пагаршэньні адчуваньня і раяць удзяліць пільную ўвагу свайму здароўю. Таксама ў выніку геамагнітных бураў могуць быць непаладкі ў сувязі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG