Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску пахаваюць Алега Куржалава – чалавека, які ратаваў віцебскую архітэктуру


Ілюстрацыйнае фота

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў успамінае Алега Куржалава, які быў ягоным аднакурсьнікам.

Разьвітаньне з Алегам Куржалавым, былым сакратаром віцебскай арганізацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў, адным са стваральнікаў клюбу аматараў гісторыі і даўніны «Узгор’е», сябры якога адстойвалі помнікі архітэктуры гораду, адбудзецца 26 ліпеня а 12:15 у рытуальнай залі «Ціхая абіцель» (Віцебск, вуліца Петруся Броўкі, 50).

Алег Куржалаў памёр 25 ліпеня ад анкалягічнай хваробы на 64-м годзе жыцьця.

«Алег Куржалаў – гэта чалавек, у якога заўжды была Айчына», — успамінае свайго аднакурсьніка пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

«Мы стаім, паклаўшы адзін аднаму рукі на плечы, і сьпяваем «Gaudeamus igitur». Гэта 1970-ы, пасьвячэньне ў студэнты гістарычнага факультэту БДУ. Наперадзе 5 гадоў з археалягічнай практыкай, будатрадамі, сяброўствам, каханьнямі і расчараваньнямі, самвыдатам, выклікамі на прафіляктычныя гутаркі ў КДБ…

Пасьля ўнівэрсытэту нас раскідала па розных арбітах, але мы ніколі не гублялі адно аднаго з-пад увагі. Я ведаў, як Алег у 1980-я гады ахвярна бараніў ад разбурэньня віцебскія помнікі архітэктуры, за што ўрэшце пазбавіўся працы. Ведаў, што ён быў актыўным удзельнікам клюбу «Узгор’е» – аналягу менскай «Талакі» і наваполацкага «Маладзіка». Ня страцілі мы сувязяў і пасьля таго, як у 1997-м мяне звольнілі з выдавецтва «Мастацкая літаратура» за выпуск «исторической и другой сомнительной литературы». Некаторыя былыя аднакурсьнікі адразу «забыліся» мае тэлефонныя нумары. Але не Алег. Хоць ён і працаваў тады ў дзяржаўнай установе. Тады, калі за запрашэньне пісьменьніка з «чорнага сьпісу» маглі звольніць з працы (у маёй біяграфіі тры такія балючыя выпадкі), Алег Куржалаў не баяўся праводзіць прэзэнтацыі маіх «сомнительных» кніг «Краіна Беларусь» і «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», уручаў іх пераможцам абласных конкурсаў.

Алег зладзіў, відаць, сотні конкурсаў і вандровак, адрэдагаваў дзясяткі дапаможнікаў, але гэта была не пагоня за колькасьцю. Куржалаў быў добры стратэг і на сваім месцы аддана працаваў дзеля будучыні краіны. Я ўжо не паспеў падпісаць яму сваю «Айчыну», але і бяз гэтага Алег Куржалаў – чалавек, у якога заўсёды была Айчына. Тая, што ад Рагнеды да Касьцюшкі, ад Літвы да Беларусі, ад БНР да Рэспублікі Беларусь. Сьветлая памяць!

XS
SM
MD
LG