Актор тэатру і кіно Генадзь Гарбук, які памёр 7 лютага на 84-м годзе жыцьця, будзе пахаваны 9 лютага на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках Менску, паведамілі БелаПАН у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, дзе артыст працаваў ад 1962 году.
Генадзь Гарбук будзе пахаваны на Алеі зорак на Ўсходніх могілках. Разьвітаньне пройдзе ў Купалаўскім тэатры 9 лютага ад 10-й гадзіны раніцы.
Вянок памяці. Генадзь Гарбук
Народны артыст Генадзь Гарбук нарадзіўся 24 ліпеня 1934 году ў вёсцы Глыбачка Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці. У 1958-м скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, пачынаў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Ад 1962 году і да самай сьмерці працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за сотню роляў у тэатры і кіно.
Генадзь Гарбук — гэта Васіль у спэктаклі і фільме «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа, Сымон у «Раскіданым гнязьдзе» Янкі Купалы, Зёлкін у «Хто сьмяецца апошнім» паводле Кандрата Крапівы і дзясяткі іншых роляў.
Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за фільм «Людзі на балоце», а таксама мэдалём Францішка Скарыны.