Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак канца беларускай сацыяльнай мадэлі


Упершыню за шмат гадоў валавы ўнутраны прадукт Беларусі апусьціўся да мінусавай адзнакі. Хто вінаваты ў эканамічных правалах? Наколькі была адэкватнай эканамічная палітыка ўладаў? Пра што сьведчаць спрэчкі пра рэформы ў кіроўных колах?

Удзельнікі: эканаміст Аляксандар Абуховіч​ і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Хто вінаваты ў эканамічных правалах?

Валер Карбалевіч: «Калі ў 2011 годзе ў Беларусі здарыўся фінансавы крызіс, Аляксандар Лукашэнка з гэтым быў нязгодны, ён казаў: які ж гэта крызіс? Маўляў, крызіс гэта тады, калі спыняюцца заводы, падае вытворчасьць.

Дык вось у 2015 годзе крызіс прыйшоў у Беларусь па клясычнай схеме. Валавы ўнутраны прадукт за студзень-лістапад скараціўся на 3,9%. Узьнікла пагроза дэіндустрыялізацыі краіны.

Натуральна, узьнікаюць вечныя пытаньні: хто вінаваты і што рабіць? Пачнем зь першага пытаньня. На нядаўняй нарадзе Лукашэнка канстатаваў, што на 80% крызіс прыйшоў да нас звонку, а на 20% мы самі вінаватыя, то бок, трэба разумець, урады, дырэктарат. Вы згодныя з такой прапорцыяй?»

Аляксандар Абуховіч
Аляксандар Абуховіч

Аляксандар Абуховіч: «Беларуская сацыяльная мадэль, якая была збудаваная у 1990-я гады, спачатку сябе апраўдвала. Але яна была выбудаваная без уліку тэндэнцый усясьветнай эканомікі, разьвіцьця суседніх рынкаў. І яна развалілася з наступленьнем крызісу ў суседніх краінах. Але нежыцьцяздольнасьць беларускай мадэлі была відавочнай».

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Зьміцер Крук: «Ня першы год беларуская эканоміка страчвала сваю канкурэнтаздольнасьць. А вонкавыя ўмовы сталі толькі каталізатарам унутранага крызысу. Таму, на мой погляд, прапорцыі адваротныя тым, якія прапанаваў кіраўнік дзяржавы».

Наколькі была адэкватнай эканамічная палітыка ўладаў?

Карбалевіч: «Ну, а цяпер наступнае пытаньне: што рабіць? Як можна ацаніць эканамічную палітыку ўладаў гэтым годам? Наколькі яна была адэкватная тым выклікам, якія зьявіліся?»

Абуховіч: «Увесь год кіраўніцтва Беларусі чакала, што нешта памяняецца ў добры бок. Ніякіх дзеяньняў па адаптацыі беларускай эканомікі да новых выклікаў зроблена не было. Урад круціўся, як мог, але праблемы ўзьнікалі зноў. Час упушчаны.

І каб накіраваць эканоміку Беларусі на траекторыю разьвіцьця, патрэбна выбудоўваць новую эканоміку. Але ані жаданьня, ані разуменьня, ані пляну дзеяньняў, стратэгіі, ва ўладаў няма»

Крук: «Бягучай эканамічнай палітыкай выправіць крызіс у эканоміцы немагчыма. Для выпраўленьня патрэбныя структурныя рэформы. Жорсткая фінансавая палітыка Нацыянальнага банку, увядзеньне плаваючага абменнага курсу былі важным чыньнікам, каб пазьбегнуць новых фінансавых стрэсаў. Але ад структурных рэформаў улады ўхіліліся».

Ці будуць рэформы?

Карбалевіч: «Напрыканцы году, ужо пасьля прэзыдэнцкай кампаніі ва ўладных колах разгарэлася спрэчка наконт рэформаў. Яе стымулявалі перамовы з МВФ, які патрабуе рэформаў. І вось асноўную частку свайго інаўгурацыйнага выступу Лукашэнка прысьвяціў крытыцы рэфарматараў „ва ўладных кабінэтах“. Такога раней не было. Пра што гэта сьведчыць? І чаго можна чакаць, якой эканамічнай палітыкі ў 2016 годзе?»

Думаю, рашэньне аб рэформах прынятае. Але з прапагандысцкіх матываў Лукашэнка не называе гэта рэформамі

Абуховіч: «Думаю, рашэньне аб рэформах прынятае. Але з прапагандысцкіх матываў Лукашэнка не называе гэта рэформамі. Для беларускіх рэфарматараў рэформы зводзяцца да прыватызацыі і рэкамэндаванай МВФ палітыкі. Але рэалізацыі такой палітыкі не прывядзе да вываду Беларусі на траекторыю разьвіцьця

Карбалевіч: «З выступаў Лукашэнкі і іншых афіцыйных асобаў вынікае, што ўся рэформа зводзіцца да наступнага: улада скідвае з сваіх плячэй сацыяльны цяжар. Улада павышае камунальныя тарыфы, пэнсійны ўзрост ды інш. Хіба гэта прапануе МВФ?»

Абуховіч: «Патрабаваньні МВФ простыя: жыць па сродках. А ўлады разумеюць такое патрабаваньне як скарачэньне расходаў».

Карбалевіч: «А чым дрэнны гэты прынцып: жыць па сродках?»

Абуховіч: «Тым, што сёньня беларуская эканоміка ў стане нармальна ўтрымліваць на 1 млн менш, чым цяпер. Праблема ў тым, што замежныя крэдыты мы выкарыстоўваем не на разьвіцьцё, а на бягучае спажываньне».

Крук: «Без інстытуцыянальных рэформаў забясьпечыць стабільнае разьвіцьцё беларускай эканомікі немагчыма. Найлепшы пэрыяд для такіх рэформаў упушчаны. Цяпер без балючых наступстваў правядзеньне рэформаў немагчыма.

Думаю, ёсьць палітычнае рашэньне, што сыстэмных рэформаў ня будзе

Думаю, ёсьць палітычнае рашэньне, што сыстэмных рэформаў ня будзе. Лукашэнка бярэ з рэкамэндацыяй МВФ тое, што дазваляе выжыць існай мадэлі. Гэта як раз скарачэньне сацыяльных расходаў».

Абуховіч: «А моцныя сьвету не пытаюць невялікія дзяржавы. Добры прыклад Грэцыі. Вось яе прымусілі рабіць тое, чаго яна ня хоча. Таму, незалежна ад таго, хоча Лукашэнка ці не, ён будзе вымушаны ажыцьцяўляць рэформы. Паколькі Лукашэнка іх ня хоча, то рэформы будуць ісьці па схеме: крок наперад, два крокі назад».

Карбалевіч: «Але рэформы па прынцыпе крок наперад, два крокі назад ня могуць быць сыстэмнымі па вызначэньні».

Абуховіч: «Так. Для сыстэмных рэформаў патрэбная стратэгія. Але цяпер няма і спробаў яе сфармуляваць. Бо няма ўласных кампэтэнтных кадраў, і няма жаданьня прыцягваць замежных спэцыялістаў. І беларускія чыноўнікі, дырэктарат ня хоча, каб нехта ўлазіў у іх кухню. Зьвярніце ўвагу, як узрос узровень сакрэтнасьці».

Крук: «Галоўная прычына непрыманьня рэформ палягае ў палітычнай плоскасьці. Бо, па-першае, рэформы вядуць да пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў у сыстэме ўлады. Па-другое, рэформы будуць мець вельмі балючыя сацыяльныя наступствы. Таму, Лукашэнка лічыць, што трэба лепш перачакаць».

XS
SM
MD
LG