Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Opel мяняе Расею на Беларусь


Аўтакрама ў Стаўрапалі
Аўтакрама ў Стаўрапалі

General Motors пачала вытворчасьць мадэлі Opel Mokka на магутнасьцях беларускага ЗАТ «Юнісан». Таксама вядуцца перамовы пра выраб у Беларусі аўтамабіляў прэміюм-клясы.

20 траўня ў вёсцы Абчак у Менскім раёне адбылася прэзэнтацыя канвэернай зборкі легкавіка Opel Mokka. Аб’ём выпуску не раскрываецца, аднак аўтамабіль плянуецца прадаваць у тым ліку на расейскім рынку. Паводле прэс-сакратара Міністэрства прамысловасьці Беларусі Сяргея Шалая, «Юнісан» пачаў вытворчасьць Opel Mokka ў траўні. Гэта першая мадэль, рэгулярны выпуск якой General Motors і «Юнісан» пачалі на падставе пагадненьня, падпісанага ў чэрвені 2013 году.

Аднак на гэтым супрацоўніцтва ня спыніцца. Выканаўца абавязкаў гендырэктара «Юнісана» Дзьмітры Ягораў паведаміў БелТА пра пляны пашырыць колькасьць мадэляў і правесьці прэзэнтацыю аўтамабіляў прэміюм-клясы ўжо ў верасьні 2015 году. Сярод гэтых мадэляў можа быць і Cadillac, які цяпер зьбіраюць у Санкт-Пецярбургу.

У зьвязку з гэтымі падзеямі расейскія СМІ паведамляюць, што GM, якая да канца году мае пакінуць расейскі рынак, перанясе зборку Opel з Расеі ў Беларусь. Нядаўна GM абвясьціла пра спыненьне продажу ў Расеі аўтамабіляў Opel і масавых мадэляў Chevrolet. Цяпер кампанія распрадае рэшткі складу і паступова замарожвае вытворчыя магутнасьці, перадае тэлеканал РБК.

У лютым спыненая зборка на магутнасьцях калінінградзкага «Автотора», да канца чэрвеня кампанія закансэрвуе завод у Санкт-Пецярбургу. Тым часам у Расеі Mokka — самая папулярная мадэль Opel. У мінулым годзе на яе прыпала каля траціны продажаў маркі ў Расеі — 22,8 тыс. штук. Паводле расейскіх СМІ, беларускі аналяг патрэбен, каб падтрымаць продажы аўтавытворцы ў Расеі пасьля кансэрвацыі там мясцовых магутнасьцяў.

Сабраныя на тэрыторыі Беларусі аўтамабілі могуць увозіцца ў Расею бяз выплаты мыта ў рамках Мытнага саюзу. Паводле пагадненьня з Расеяй GM зможа карыстацца ільготным мытным рэжымам пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі машынакамплектаў. Аналягічныя льготы кампанія можа атрымаць і асобна — па пагадненьні зь беларускім бокам. Сабекошт вытворчасьці ў Беларусі можа быць ніжэйшы, чым у Расеі, дзякуючы таньнейшай працоўнай сіле і адмысловым падатковым прэфэрэнцыям для замежных кампаніяў.

Кіраўнік цэнту Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук адзначыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што было б вельмі добра, калі б Беларусь перацягнула з Расеі палову аўтамабільных заводаў.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Безумоўна, добра, каб такая вытворчасьць была ў Беларусі, калі ўдасца да 2018 году зрабіць лякалізацыю ў 50%. Таму ў пэрспэктыве гэта вельмі добрая рэч, калі гэтым скарыстацца. Але скарыстаецца Беларусь ці не — гэта ўжо іншае пытаньне. Бо каньюнктура на аўтамабільным рынку сёньня ня вельмі спрыяльная для вытворцаў».

Прафэсар Барыс Жаліба згадвае ранейшыя праекты па зборцы легкавікоў у Беларусі. Напрыклад, амаль за тры гады на заводзе «Форд Юніён» было сабрана 3660 аўтамабіляў, і вытворчасьць згарнулі.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Расейская эканоміка перажывае сёньня крызіс, які стварыў Пуцін з-за Ўкраіны. Там згортваюцца магутнасьці вытворчасьці іншамарак. Раней Беларусь мела няўдалыя спробы вырабу замежных легкавікоў, бо каб быць рэнтабэльным, трэба набраць даволі вялікую магутнасьць па колькасьці выпуску легкавікоў. А гэта дзясяткі і нават сотні тысяч. У Беларусі ж выпускалі некалькі соцень ці тысяч, і то гэта Расеі не падабалася, бо там было шмат вытворцаў. Цяпер крызіс настолькі глыбокі, што разглядаецца варыянт перанесьці вытворчасьць з Расеі ў Беларусь. Будзе чарговая спроба, гэтым разам Opel. Дай бог, каб гэтая спроба была ўдалая. Але калі заходні інвэстар ідзе да Беларусі, то чаму ж яму адмовіць?А раптам выйдзем на Расею і там сваё месца пад сонцам знойдзем. Бо дзе прадаць? Толькі ў Расею. А вытворчасьць у тысячу легкавікоў будзе ў лепшым выпадку маларэнтабэльная, а ў горшым — наагул непрыбытковая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG