Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — палякам: «Дзяліць нам няма чаго, мы заўсёды жылі ў сяброўстве і згодзе»


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім

На сустрэчы з польскай дэлегацыяй 5 сьнежня ў Менску, якую ўзначаліў маршалак Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разьлічвае на пачатак самага актыўнага дыялёгу між Беларусьсю і Польшчай, перадае БелТА.

«Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, дзяліць нам няма чаго, — казаў Лукашэнка польскай дэлегацыі. — Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. Паколькі часам узьнікаюць пытаньні з боку Польшчы (і, можа быць, у нас у часткі насельніцтва), датычныя нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрытыя. Мы гатовыя адказваць заўсёды на пытаньні і запыты польскага боку».

Ён таксама адзначыў падобныя падыходы ў дачыненьні да гісторыі, што «не павінны зьмяняцца пад палітыку і палітычных дзеячоў». Гісторыю, кажа ён, трэба ведаць і «дзейнічаць так, каб у наш адрас потым не сказалі, што мы ня ўлічваем гістарычнае мінулае і ўрокі гісторыі».

На думку Лукашэнкі, цяперашні ўзровень гандлёвых кантактаў Беларусі і Польшчы «даволі высокі», але «не адпавядае магчымасьцям». Ён выказаў спадзяваньне на тое, што візыт польскай дэлегацыі паспрыяе нармалізацыі беларуска-польскіх стасункаў і выведзе іх на «высокі ўзровень супрацоўніцтва».

Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Дэлегацыя Карчэўскага пасьля гутаркі з Лукашэнкам правядзе сустрэчы зь Мясьніковічам, Андрэйчанкам і Кабяковым, зь беларускімі палякамі і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Сярод пытаньняў візыту эканоміка і разьвіцьцё супрацы ў адукацыі, малы памежны рух, тэмы Саюзу палякаў у Беларусі, Польскіх дамоў і школаў, пытаньне доступу беларусаў да TV Polonia.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG