Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніводнага рашэньня «менскіх» перамоваў так і не апублікавалі. Нямеччына выступае за новы раўнд


Падчас перамоваў у Менску
Падчас перамоваў у Менску

Міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер вітаў дамоўленасьці паміж бакамі канфлікту ва Ўкраіне па абмене палоннымі і падтрымаў «нястомныя намаганьні АБСЭ, каб як мага хутчэй зноў сабраць за сталом перамоваў удзельнікаў кантактнай групы».

Міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаўся за правядзеньне чарговага раўнду перамоваў кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Ён падтрымаў «нястомныя намаганьні АБСЭ, каб як мага хутчэй зноў сабраць за сталом перамоваў удзельнікаў кантактнай групы».

«Усе бакі, уключаючы Маскву, закліканы канструктыўна выкарыстоўваць свой уплыў на ўдзельнікаў і такім чынам унесьці важны ўклад у стабілізацыю сытуацыі», — адзначыў Штайнмаер у заяве, апублікаванай на сайце МЗС ФРГ 28 сьнежня.

Ён вітаў дамоўленасьці паміж бакамі канфлікту ва Ўкраіне па абмене палоннымі.

«Тое, што вынікам апошняга раўнда менскіх перамоваў сталі перамовы пра абмен сотнямі палонных ва Ўкраіне — гэта натхняе, і гэта вельмі важны сыгнал», — заявіў кіраўнік МЗС ФРГ.

Паводле Штайнмаера, цяпер неабходна працягнуць перамовы пра лінію разьмежаваньня паміж бакамі канфлікту і пра гуманітарную дапамогу жыхарам усходу Ўкраіны, паведамляе «Ўкраінская праўда».

Перамовы кантактнай групы, якія прайшлі ў Менску 24 сьнежня, былі сакрэтныя як ніколі, адзначае tsn.ua.

Дагэтуль ніводнага рашэньня гэтых перамоваў не апублікавалі. Да журналістаў, якія чакалі на вуліцы, ніхто з удзельнікаў так і ня выйшаў. Нават пра абмен палоннымі стала вядома на наступны дзень.

Тым часам сустрэча кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне, заплянаваная на 26 сьнежня ў Менску, не адбылася.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта зьвязана з тым, што сэпаратысты ня выканалі ранейшых пастановаў.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка прэс-службы Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Ўладзіслаў Селязьнёў паведаміў, што з 9 сьнежня, калі быў абвешчаны «рэжым цішыні», адбылося 320 абстрэлаў сіл АТО з боку баевікоў.

Усяго з 5 верасьня, калі быў прыняты мірны плян і абвешчана пра «рэжым спыненьня агню», баевікі зрабілі 4503 абстрэлы.

Ад таго часу загінулі 162 украінскія вайскоўцы, 15 прадстаўнікоў МУС, 14 байцоў Нацгвардыі, 7 прадстаўнікоў памежнай службы і 5 — дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў.

Сёньня ў Радзе бясьпекі Ўкраіны патлумачылі прычыну прысутнасьці на менскіх перамовах кума расейскага прэзыдэнта і лідэра «Ўкраінскага выбару» Віктара Медзьведчука. Аказваецца, удзел Мядзьведчука быў гарантыяй таго, каб адбыўся нядаўні абмен палоннымі.

Пра гэта тэлеканалу «Громадське.ТВ» паведаміў дарадца кіраўніка РБУ Маркіян Лубкіўскі.

Медзьвядчук увайшоў у перамоўны працэс, калі дамоўленасьці былі ўжо дасягнутыя.

Лубкіўскі ўхіліўся ад адказу на пытаньні пра тое, хто быў ініцыятарам зьяўленьня Медзьведчука на перамовах.

«Дазвольце не раскрываць усе дэталі. Гэта вельмі важна, таму што, магчыма, у нас будзе яшчэ не адна перадача, і мы будзем выкарыстоўваць розныя рычагі, каб людзі вярнуліся», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG