Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эколягі бʼюць трывогу: неабходны ляндшафтны праект Курапатаў, а ня толькі культурна-гістарычны


Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і адмыслоўцы-эколягі 30 траўня правялі круглы стол «Як вырашыць экалягічныя праблемы Курапатаў». Ніколі раней экалягічная сытуацыя ў месцы масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сурʼёзна не абмяркоўвалася. Цяпер ацаніць узьдзеяньне навакольнага асяродзьдзя на ўрочышча, стан курапацкага ляснога масіву, а таксама сфармуляваць канкрэтныя рэкамэндацыі для захаваньня біясыстэмы запрасілі адмыслоўцаў-эколягаў.

«Мэмарыялізацыя Курапатаў — галоўная справа, але мы павінны прыйсьці да згоды ў пытаньнях экалёгіі»

Адзін з заснавальнікаў «Экспэртаў у абарону Курапатаў» журналіст Марат Гаравы кажа, што калі пачыналі гэтую ініцыятыву, паставілі мэту — вярнуць прызабытую памяць пра Курапаты шырокаму грамадзтву. Бо сьвядомае грамадзтва стварыла народны мэмарыял, але дзяржава рабіла ўсё, каб пра Курапаты ня ведалі звычайныя людзі. Але цяпер праблему Курапатаў ужо ня можа ігнараваць і дзяржава:

«Мы прабілі мазгі дзяржаве, і яна прызнала патрэбу мэмарыялізацыі ўрочышча. Сьведчаньне таму — круглыя сталы ў рэдакцыі „СБ — Беларусь сегодня“, артыкулы ў дзяржаўных СМІ. Іншая рэч, што дзяржава ня зможа зрабіць гэта прыстойна. Але дзяржаўныя мэдыя прынамсі ўжо даносяць, што Курапаты ёсьць. Мэмарыялізацыя — галоўная справа, але мы павінны прыйсьці да згоды і ў экалягічных пытаньнях. Патрэбная стратэгія, агульныя рэкамэндацыі эколягаў для захаваньня Курапатаў і як прыроднага комплексу. Найлепшыя былі б тэрміновыя супольныя захады ўлады і грамадзтва, у тым ліку праз распрацаваньне і рэалізацыю комплекснай праграмы захаваньня запаведнага лесу, чыстага паветра, зьберажэньня флёры і фаўны. Але ж пашыраецца забудова вакол Курапатаў, звужаецца ахоўная зона», — кажа Марат Гаравы.

«Вельмі важна захаваць гэты даволі стары лясны масіў»

Сябра грамадзкай арганізацыі «Цэнтар экалягічных рашэньняў» Арцём Быстрык падрыхтаваў агульныя рэкамэндацыі для захаваньня біясыстэмы. Найперш вельмі важна, каб гэты даволі стары лясны масіў захаваўся, бо расстрэлы адбываліся менавіта ў лесе.

Арцём Быстрык
Арцём Быстрык

Найбольшую пагрозу лясному масіву ствараюць дзьве трасы — МКАД і Заслаўская шаша. За содні па іх праходзіць прыкладна 50 тысяч аўтамабіляў, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. У падлеску распаўсюджваюцца расьліны-паразыты.

Эколяг Арцём Быстрык пералічыў некалькі асноўных захадаў, каб захаваць урочышча:

  • усталяваць уздоўж магістраляў шумаахоўныя экраны, каб зьменшыць шум і крыху абараніць лес ад шкодных выкідаў;
  • садзіць абарончыя расьліны;
  • падразаць дрэвы,
  • рабіць санітарную высечку;
  • зьнізіць актыўнасьць чалавека ў зоне Курапатаў (дазволіць хадзіць толькі па пэўных сьцежках, забараніць пікнікі ў лесе, прыбраць сьметнікі).

Некаторыя прапановы выклікалі эмацыйную дыскусію. Да прыкладу, некаторыя выступілі катэгарычна супраць шумаахоўных экранаў, якія парушаць цэласнасьць Курапатаў, закрыюць панараму. Прагучала прапанова ўсталяваць празрысты плот. На агульнай думцы так і не сышліся. Вырашылі яшчэ вярнуцца да абмеркаваньня гэтых пытаньняў.

«Неабходна дамагчыся мараторыю на ўсю гаспадарчую дзейнасьць у Курапатах»

Ігар Корзун, каардынатар грамадзкай кампаніі «Гарадзкі лясьнічы», і старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч
Ігар Корзун, каардынатар грамадзкай кампаніі «Гарадзкі лясьнічы», і старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч

Ігар Корзун, каардынатар грамадзкай кампаніі «Гарадзкі лясьнічы», інжынэр лясной прамысловасьці, настойвае на тым, што спачатку неабходна дамагчыся мараторыю на ўсю гаспадарчую дзейнасьць на гэтай тэрыторыі:

Не хацелася б, каб у Курапатах былі дарожкі з пліткай, як у парку Горкага

«Без наданьня тэрыторыі Курапатаў асобнага прыродаахоўнага статусу нічога ня будзе. Ва ўрочышчы неабходна зрабіць ацэнку стану абʼектаў расьліннага сьвету, правесьці навуковы маніторынг, падрыхтаваць мапы, апісаць усе дрэвы, уключна з малым кустоўем, травяным покрывам. Мэтодыкі ёсьць. Гэта могуць выканаць валянтэры з дапамогай адмыслоўцаў з Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі, якія правядуць некалькі майстар-клясаў. Арнітолягі павінны зрабіць маніторынг птушак. Трэба зьвярнуцца і да глебазнаўцаў, геолягаў, іншых вузкіх адмыслоўцаў.

Цяпер там няма абмежаваньняў для высечкі, бо лес знаходзіцца ў распараджэньні Бараўлянскага спэцлясгасу. Выконваліся санітарныя высечкі, але сухія, пашкоджаныя дрэвы вынішчаліся разам са здаровымі дрэвамі.

Я лічу, што гэта такі мэмарыял, дзе побач з жывымі дрэвамі могуць стаяць і мёртвыя. Паглядзіце на мэмарыял „Трасьцянец“ — там ня выдалілі многія дрэвы як аварыйныя. Высахлая сасна можа стаяць як сымбаль, дрэва можа быць і паваленым. Не хацелася б, каб у Курапатах былі дарожкі з пліткай, як у парку Горкага».

«Клёны і ясені — забойцы курапацкіх сосен»

Ігар Корзун кажа, што курапацкі лес складаецца напалову з сасны, напалову зь елак. А цяпер там прарастаюць шыракалістыя дрэвы. Ён выказаў занепакоенасьць, што з Курапатамі можа здарыцца тое, што здарылася з паркам Чалюскінцаў, калі ліставыя дрэвы выціскаюць сасну. Спадар Корзун кажа, што клёны і ясені, якія маюць глыбокую каранёвую сыстэму, — «забойцы» сосен, а вось бярозы і ліпы там могуць расьці. Неабходна праводзіць маніторынг усіх курапацкіх дрэваў не радзей як два разы на год.

Эколяг Ігар Корзун казаў і пра тое, што трэба фармаваць ветраўдарнае, абароннае і дэкаратыўнае ўзьлесьсі, а таксама «кулісы» з так званых «падгалоўных культур» шырынёй да 50 мэтраў па краі ляснога масіву, што трэба сеяць шматгадовыя травы. На думку эколяга, пэўныя тэрыторыі курапацкага лесу павінны быць недаступныя для чалавека. І абавязкова павінен быць прызначаны даглядчык курапацкага лесу з адукацыяй хаця б тэхніка, лесьніка, а лепш — лесаінжынэра.

«Трэба выпрацаваць канкрэтныя пункты, чаго нельга рабіць у Курапатах»

«Гэта першая сустрэча з адмыслоўцамі-эколягамі. У гэтай справе актывістам догляду Курапатаў неабходна тэрмінова пераключыцца з кансультацыяў зь ведамствамі (якія маюць свой ведамасны інтарэс) на кансультацыі з навукоўцамі. І добраахвотна браць на сябе выкананьне рэкамэндацыяў эколягаў. Таксама трэба выпрацаваць канкрэтныя пункты — чаго нельга рабіць у Курапатах», — кажа адзін з заснавальнікаў ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка.

Спачатку неабходна правесьці ўсе экспэртызы, а потым ужо рабіць праекты і плянаваць далейшую працу. Трэба тэрмінова спыніць неабгрунтаваныя высечкі дрэваў, вынесьці высечаныя дрэвы, сьмецьце. Арганізатары талакі ў Курапатах павінны кіравацца рэкамэндацыямі адмыслоўцаў, эколягаў.

Працяг круглага стала ў пытаньнях экалёгіі заплянаваны на жнівень.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG