Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозаўскія хлопцы, якія селі ў турму за напад на меркаванага маньяка, вызваленыя


Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўны Суд перакваліфікаваў іхную справу на больш «мяккую» ды прысудзіў замест 5 гадоў турмы 1,5 года «хіміі». Хлопцы вызваленыя, бо адбылі гэты тэрмін пакараньня.

Пра гэта Свабодзе распавяла Ірына Лукашык — маці аднаго з асуджаных, 18-гадовага Ільлі.

Спадарыня кажа, што Берасьцейскі абласны суд пакідаў бязь зьменаў вырак Бярозаўскага суду – 5 гадоў турмы. Але бацькі не здаліся і дабіліся перагляду справы Вярхоўным Судом. Той перакваліфікаваў справу паводле артыкулу 151 Крымінальнага кодэксу – «наўмыснае прычыненьне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня пры перавышэньні мераў, неабходных для затрыманьня асобы, якая ўчыніла злачынства».

«Сёньня зьбіраемся ехаць па сына ў Магілёў. Ён у халоднай вопратцы, то трэба ехаць. Але ўжо столькі грошай на гэтыя перасуды патрацілі, што паездка ў Магілёў не палохае», – кажа Ірына Лукашык.

Ірына, маці Ільлі і айчым Канстанцін
Ірына, маці Ільлі і айчым Канстанцін

Хлопцы зь Бярозы былі асуджаныя на 5 гадоў турмы за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Яны пабілі ды здалі ў міліцыю мужчыну, на якога падумалі, што ён маньяк.

Аднак выявілася, што зьбіты імі мужчына ня быў маньякам, хоць доўгі час сачыў за дзяўчынай аднаго з хлопцаў, як ён казаў потым міліцыянтам, «проста так».

Жыхары Бярозы кажуць, што летась пра маньяка чуткі па горадзе хадзілі актыўна і мужчыны стараліся суправаджаць сваіх жанчын.

У кастрычніку 2015 году быў затрыманы сапраўдны сэрыйны маньяк з Расеі, які больш за 20 гадоў «гастраляваў» па Беларусі. Праваахоўныя органы канстатавалі, што вельмі часта ён спыняўся на Берасьцейшчыне — у Бярозе, Кобрыні, Белаазёрску, дзе гвалтаваў і рабаваў жанчын.

Яшчэ да таго, як расейскі маньяк-гастралёр быў затрыманы, у Бярозе міліцыя завяла крымінальную справу на двух хлопцаў, якія памылкова затрымалі і зьбілі мужчыну, на якога падумалі, што ён маньяк.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG