Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Няпомняшчых з Гомля пакараны трыма суткамі арышту і буйным штрафам


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

15 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомля Сяргей Кармановіч разгледзеў тры адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да грамадзкага актывіста, былога афіцэра міліцыі: адзін — за ўдзел 19 лютага ў Гомлі ў несанкцыянаваным «маршы недармаедаў», і два, складзеныя сёньня — за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.

У выніку Няпомняшчых пакараны 3 суткамі арышту і штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (575 рублёў).

Віны сваёй падсудны не прызнаў, заявіўшы, што паводле Канстытуцыі мае права на мірныя сходы.

Сёньня раніцай Уладзімер кіраваўся на вакзал, каб ехаць у Менск на акцыю пратэсту. Па дарозе невядомыя зьбілі яго з прымяненьнем пярцовага газу, пасьля ён быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Гэтыя падзеі Ўладзімер Няпомняшчых лічыць наўмыснай правакацыяй, якую ўчынілі, каб сарваць ягоную паездку ў сталіцу.

Сьведчаньні супрацоўнікаў АМАПу Курбачова і Кучарава, якія заяўлялі пра хуліганства і непадпарадкаваньне, ён назваў «грубым агаворам і суцэльным падманам».

«Я закрычаў толькі, калі мяне павалілі: „Ратуйце, мяне забіваюць!“. Або мне трэба было моўчкі цярпець і паміраць?» — сказаў у судзе абвінавачаны ў хуліганстве грамадзкі актывіст.

На пытаньне Няпомняшчых да камандзіра аддзяленьня АМАПу Аляксандра Кучарава, чаму ён з Курбачовым не затрымаў нападнікаў, той адказаў: «А мы іх ня бачылі».

Уладзімер Няпомняшчых у атачэньні міліцыянтаў у залі суду
Уладзімер Няпомняшчых у атачэньні міліцыянтаў у залі суду

Уладзімер лічыць, што ў вулічных акцыях пратэсту і ў беспакаранасьці супрацоўнікаў міліцыі — на яго думку, менавіта міліцыянты ў цывільным напалі на яго ўранку ў Дзень Канстытуцыі, каб сарваць паездку ў Менск, — вінаваты кіраўнік дзяржавы, які адказвае за эканамічны стан краіны і дзейнасьць органаў улады.

Выходзіў Уладзімер з залі суду з воклічам: «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходь!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG