Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Давайце правядзем выбары, на якіх будзе абраны новы прэзыдэнт. Не Лукашэнка


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька распавялі Радыё Свабода, што робяць пасьля гучнай прэсавай канфэрэнцыі 28 жніўня і ці ёсьць ужо якія наступствы іхніх заяваў.

28 жніўня прадстаўнікі апазыцыі выступілі з супольным паведамленьнем, дзе заявілі пра недавер да цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, пра фальсыфікацыю выбараў і неабходнасьць ігнараваць іх.

Уладзімер Някляеў жорстка скрытыкаваў сваіх былых паплечнікаў па руху «Гавары праўду» і Андрэя Дзьмітрыева асабіста. На пытаньне, ці адрэагавалі яны на ягоныя закіды наконт супрацы са спэцслужбамі, спадар Някляеў кажа, што ня хоча больш камэнтаваць гэтую сытуацыю. Што да наступстваў і далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, Някляеў распавёў наступнае:

«Зараз пачынаецца кампанія па дыскрэдытацыі людзей, якія спрабуюць супрацьстаяць правядзеньню ўжо цяпер фальшывых і несвабодных выбараў. Пачынаюць казаць пра тое, што гэтыя людзі, спрабуюць нанесьці шкоду РБ, спрабуюць ня даць ёй магчымасьці зблізіцца з Эўразьвязам, пакінуць яе ў абдымках пуцінскай Расеі.

Абсалютна размова ідзе не пра гэта. Я ад пачатку быў за рух Беларусі ў Эўропу, ад пачатку быў за дыялёг, не аднойчы пра гэта заяўляў. Упершыню заявіў гэта па выхадзе з турмы, пасьля суду. Што нам неабходны дыялёг з Эўропай, што нам неабходна прыстасоўваць эўрапейскі вэктар і што бяз гэтага ў Беларусі ніякай незалежнасьці ня будзе. Усё гэта застаецца.

Размова ідзе пра тое, што Лукашэнка — ня той чалавек, які можа зьдзейсьніць усё гэта. Хоць бы таму ня той чалавек, што ён ідзе ў пяты раз на выбары незаконна. Праз парушэньне Канстытуцыі — Асноўнага закону краіны. Ён ідзе на выбары, сфальсыфікаваўшы іх. Ён ідзе на выбары, набіўшы выбарны пул людзьмі, якія загадзя дзеля гэтага падрыхтаваныя. Ён ідзе на выбары, зьмяніўшы выбарчы кодэкс. Ён ідзе на выбары, даючы загады сваім рэпрэсіўным структурам перасьледаваць людзей, якія змагаюцца ня толькі за дэмакратыю ў агульным сэнсе, а за рэальныя свабоды грамадзян Беларусі — скажам, за рэальнае права быць беларусам.

Ён ідзе на выбары, набіўшы выбарны пул людзьмі, якія загадзя дзеля гэтага падрыхтаваныя.

Вось апошні факт — людзі, якія езьдзілі ў Львоў на футбол на матч Беларусь-Украіна. Па вяртаньні яны зазналі перасьлед якраз за тое, што выявілі там беларускі патрыятызм. Дык навошта мне ў Эўропе Лукашэнка? Навошта мне ў Эўропе ўвесь гэты шлейф, які цягнецца за ім? Шлейф залежнасьці ад Расеі, найперш. Навошта мне гэты фальстарт у палітыцы, які падвяргае вялікай небясьпецы ўсю будучыню Беларусі?

Ужо сёньня відавочныя намаганьні Расеі зрабіць Беларусь сваім вайсковым пляцдармам. І гэта ня нейкія міты. Пра міты можна было б казаць, калі б не было Ўкраіны. Але яна ёсьць, і ёсьць гэтая небясьпека. Дык вось, каб пазьбегнуць гэтай небясьпекі, перш за ўсё, мы робім тое, што робім.

Мы кажам — давайце правядзем свабодныя выбары, на якіх справядліва будзе выбраны новы прэзыдэнт. Не Лукашэнка, да якога ў нас няма даверу».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька нагадаў, што на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі апазыцыі заявілі, што будуць дамагацца дэлегітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі і ставяць на парадак дня правядзеньне ў Беларусі свабодных сумленных выбараў.

Анатоль Лябедзька: «Што да першага пункту, то, натуральна, мы будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі па сваім сцэнары. Я спадзяюся, што на гэтым тыдні пройдзе круглы стол, на які будуць запрошаныя прадстаўнікі розных палітычных структур, і па выніках гэтага круглага стала будзе супольны дакумэнт, супольная заява пра нашу ацэнку таго, што адбываецца, і пра каардынацыю нашых дзеяньняў. Вельмі важна, каб гэта было пытаньне ня толькі чатырох палітыкаў, важна ставіць на парадак дня стварэньне шырокай кааліцыі прыхільнікаў перамен. Як скончыцца час адноснай цішыні і пачнецца агітацыйная кампанія, то мы пойдзем у народ, як і раней мы ставілі пікеты, ладзілі паездкі ў рэгіёны.

Што да АГП, то мы, канечне, будзем працягваць папулярызацыю эканамічнай альтэрнатывы — праграмы „Мільён новых працоўных месцаў“. Але мы кажам людзям, што рэалізаваць гэтыя рэформы і зьдзейсьніць перамены мы можам толькі тады, калі ў Беларусі адбудуцца сумленныя і свабодныя выбары.

А стратэгія — ігнараваць фарс і такім чынам ствараць ціск на ўладу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG