Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве беларускія сыры выдавалі за расейскія. У Расеі такое нельга называць «сырам»


Беларускія сыры

«Рассельгаснагляд» сумесна з Галоўным упраўленьнем МУС Расеі праверылі складзкі комплекс у Маскве. У камэрах захоўваньня прадукцыі, арэндаваных ТАА «Сыртрейд», яны выявілі 2,5 тоны бялкова-тлушчавай прадукцыі беларускай вытворчасьці.

Як сьцьвярджаецца на сайце «Рассельгаснагляду», падазрэньне кантралёраў выклікалі паўцьвёрдыя сыры «Российский», «Сливочный», «Сметанковый» з прыкметамі фальсыфікацыі тавару.

Згодна з маркіроўкай, прадукцыя нібыта вырабленая на тэрыторыі Расеі. У той жа час пад этыкеткамі сыру «Российский» выяўленыя рэшткі маркіроўкі, якія сьведчаць, што гэта бялкова-тлушчавы прадукт зь Беларусі (у Расеі беларускі сыр у шэрагу выпадкаў не прызнаюць сырам праз разнастайныя дадаткі).

Ва ўсіх выпадках на брыкетах сыроў не было інфармацыі пра дату вырабу. Акрамя таго, знойдзеныя рулёны маркіровачных этыкетак з пазнакай: «сыр полутвердый „Сливочный“».

Названыя факты, на думку экспэртаў ведамства, могуць сьведчыць пра перамаркіроўку прадукцыі вытворчасьці Беларусі ў сыры расейскага паходжаньня. Ці зрабілі гэта на беларускім баку мяжы, ці на расейскім, не ўдакладняецца.

Пробы перадалі ў лябараторыю, каб дасьледаваць на адпаведнасьць патрабаваньням якасьці і бясьпекі. Тым часам груз застанецца на складзе бяз права рэалізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG