Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Navi, адзіны беларускамоўны канкурсант на Эўравізіі, верыць у справядлівасьць адбору


Сёлета на нацыянальным адборы на Эўравізію ня будзе журы, а будзе толькі народнае галасаваньне. І гурт Navi заклікае падтрымаць сябе як адзінага беларускамоўнага канкурсанта.

Беларускі рок-гурт Navi, які бярэ ўдзел у фінальным адборы на Эўравізію, заклікаў у сацсетках падтрымаць беларускую мову на міжнародным конкурсе. Сёлета іх песьня «Гэта зямля» — адзіная беларускамоўная на нацыянальным адборы. Трансьляцыя фіналу адбору пройдзе 22 студзеня а 22:00 у жывым эфіры тэлеканалаў «Беларусь-1» і «Беларусь-24», гледачы змогуць прагаласаваць за найлепшага канкурсанта.

«Гэтую акцыю мы запусьцілі пры падтрымцы „Арт-сядзібы“, — распавёў Свабодзе ўдзельнік гурту Navi Арцём Лук’яненка. — Яны былі ініцыятарамі, вырашылі дапамагчы нам — мы пагадзіліся і зрабілі такі заклік. Сэнс акцыі — выказацца за беларускую мову на Эўравізіі. Беларуская мова сапраўды мілагучная, гэта вядомы факт, але ў гісторыі яшчэ не было такога, каб беларуская мова гучала на гэтым конкурсе.

Склаўся такі стэрэатып, што на Эўравізіі не з англамоўнай песьняй — як гэта ўвогуле магчыма? Гэта дрэнна, трэба гэты стэрэатып разбураць. Таму я ўпэўнены, што трэба кінуць такі заклік».

Пакуль песьня «Гэта Зямля» прадстаўленая толькі ў аўдыёфармаце, але ў выпадку перамогі на конкурсе гурт абяцае прадставіць яскравае анімаванае відэа:

«Наогул, у нас ёсьць канцэпцыя, зьвязаная з экалягічнымі і турыстычнымі праблемамі Беларусі, мы падвязваем яшчэ тэму птушак. Вобраз птушак будзе і ў самой песьні, і ў строях, і ў тым роліку, які цяпер малюецца. Праз птушак мы хочам паказаць, што ў нас сапраўды ёсьць на што зьвярнуць увагу».

Раней на нацыянальных адборах розных гадоў ня раз гучала беларуская мова, але нават кампазыцыя «Кола млына» Алега Хаменкі і гурту «Палац», упадабаная многімі слухачамі, не прайшла ў фінал нацыянальнага адбору ў 2008 годзе. У фіналах жа заўсёды перамагалі, а потым і прадстаўлялі Беларусь на конкурсе, выканаўцы расейскамоўных ці англамоўных эстрадных песень.

Скандалы з адборам на Эўравізію вымусілі зьмяніць фармат галасаваньня, у якім раней дамінавала прызначанае дзяржавай журы. Цяпер дэлегата на сьпеўны форум будуць абіраць па выніках глядацкага галасаваньня. І гурт Navi верыць у справядлівасьць такога фармату:

«У гэтым годзе я больш чым упэўнены, што ўсё будзе па-справядліваму. Тое, што людзі пішуць, што там усё куплена, што ў нас усё куплена... Я сапраўды бачыў шмат такіх камэнтароў, але людзям проста падабаецца так пісаць. У гэтым годзе ня будзе ніякіх журы, будуць толькі людзі. Дзесяць маладых выканаўцаў, няма такой відавочнай зоркі. Усё будзе па-справядліваму, гэта факт, шмат з кім мы працуем-перасякаемся, дакладна ведаем, што ў гэтым адборы нікому ня трэба кагосьці там ставіць на першае месца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG