Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк павялічыць долю расейскага рубля ў кошыку валют да 50%. «Такое рашэньне ў пэўнай ступені палітычнае», — экспэрт


Фота ©Shutterstock

Нацыянальны банк з 1 лістапада павялічвае долю расейскага рубля ў кошыку валют да 50% зь цяперашніх 40%.

Вага даляра ЗША ў кошыку валют складзе 30%, а эўра — 20%. Раней на долю даляра і эўра прыпадала па 30%.

Паводле Нацбанку, рашэньне прынята ў рамках стратэгіі паэтапнага збліжэньня ўдзельнай вагі расейскага рубля ў кошыку замежных валют і долі Расеі ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі, якая складае каля 50%.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адзначае, што больш як 40% разьлікаў вядуцца не ў расейскіх рублях, а ў далярах.

«Таму такое рашэньне Нацбанку ў пэўнай ступені палітычнае. Яно зьвязана з тым, што Беларусь спрабуе ўмацаваць Эўразійскі саюз, выбіць там для сябе дадатковыя льготы па цэнах на газ і нафту, на энэрганосьбіты. Наўрад ці гэта зьвязана толькі з таваразваротам. Бо частка разьлікаў з Расеяй намінуецца ў далярах ЗША, а не ў расейскіх рублях. Доля разьлікаў у далярах крыху меншая за 50%. Яна бывае да 45% і вышэй. Таму не зусім эканамічна можна патлумачыць гэты крок Нацбанку».

Якія наступствы можа мець гэты крок? Паводле Багданкевіча, гэта важна для ацэнкі сытуацыі на валютным рынку.

«Калі ў нас інфляцыя сёньня 11%, то і кошт беларускага рубля адносна кошыка валют прыкладна такі павінен быць. То бок калі рубель не абясцэньваецца адносна даляра, то ён абясцэньваецца адносна расейскага рубля. А ў сукупнасьці працягваецца пэўная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Але ўжо не да даляра, да даляра яна нават умацавалася, — але ідзе дэвальвацыя да расейскага рубля. Відаць, з улікам гэтага і прынятае такое рашэньне, каб кошт беларускага рубля адносна кошыка прыкладна адпавядаў узроўню інфляцыі.

Я ня думаю, што нашы шырокія народныя масы арыентуюцца на расейскі рубель. Яны па-ранейшаму арыентуюцца на даляр. Таму я ня бачу нейкіх праблем для насельніцтва, для тых, хто мае даляр і эўра. Лістапад і сьнежань будуць стабільнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG