Перад краінамі Балтыі паўстала рэальная пагроза, яны павінны рыхтавацца да самастойнага адбіцьця атакі як мінімум цягам трох дзён, пакуль на дапамогу прыбудуць саюзьнікі па НАТО.
Пра гэта заявіла 4 сакавіка прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў адказе на пытаньні замежных журналістаў пра вяртаньне абвязковай вайсковай службы.
«Да 2008 году ў нас была абавязковая вайсковая служба, мы думалі, што гэта больш не спатрэбіцца. Але побач з нашымі межамі зьмянілася геапалітычная сытуацыя, мы зразумелі, што пагроза вельмі рэальная. Пагроза рэальная для ўсяго рэгіёну, краін Балтыі. Нашы суседзі сталі малапрагназуемымі, я маю на ўвазе Расею», — сказала Грыбаўскайце.
Яна згадала пра павелічэньне актыўнасьці расейскай арміі ў Калінінградзкай вобласьці, у Балтыйскім моры, у паветранай прасторы над Балтыкай, дзе палёты расейскіх самалётаў уяўляюць пагрозу для грамадзянскай авіяцыі.
«Нам вядомыя працэдуры НАТА. Сілы хуткага рэагаваньня могуць пачаць дзейнічаць найменш праз 72 гадзіны. Краіны Балтыі даволі невялікія. Мы самі павінны абараняцца цягам 72 гадзін, а можа і даўжэй», — сказала яна.
Вяртаньне прызыўнікоў, паводле Грыбаўскайце, гэта відавочная інфармацыя, якая дае зразумець, што Літва будзе абараняцца.
Прэзыдэнт Літвы адзначыла, што супраць краін Балтыі ўжо цяпер вядзецца інфармацыйная вайна і кібэратакі.
«Мы знаходзімся на лініі фронту, праходзіць першы этап канфрантацыі, я маю на ўвазе інфармацыйную вайну, прапаганду і кібэратакі. Такім чынам, на нас ужо напалі. Ці перарасьце гэта ў канвэнцыянальную канфрантацыю? Ніхто ня ведае. Але ўжо зараз мы павінны абараняцца ад гэтых агрэсіўных паводзінаў», — сказала прэзыдэнт.
У гутарцы зь літоўскімі журналістамі Грыбаўскайце таксама падкрэсьліла, што літоўцы абавязаны абараняць сваю краіну.
«Як вы ці я, ці мы, літоўцы, можам зьвяртацца, да прыкладу, да датчанаў або немцаў, прасіць, каб яны нас абаранялі ў выпадку небясьпекі, калі самі ня хочам гэтага рабіць? Гэта наш канстытуцыйны абавязак», — цытуе DELFI прэзыдэнта Літвы.
4 сакавіка ўрад Літвы ўхваліў падрыхтаваны міністэрствам абароны праект закону пра вяртаньне сёлета абавязковай вайсковай службы. Далей праект будзе разглядацца ў парлямэнце.
У законапраекце прадугледжана, што ў гэтым годзе ў шэрагі ўзброеных сіл павінны прызваць ад 3000 да 3500 чалавек, законапраект таксама прадугледжвае павышэньне гранічнай колькасьці вайскоўцаў. Першы прызыў маладзёнаў ва ўзросце ад 19 да 26 гадоў на дзевяцімесячную службу можа адбыцца ў жніўні-верасьні.