Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ выказала прэтэнзіі асабіста Мясьніковічу


Крыстынэ Мутанэн (Christine Muttonen)
Крыстынэ Мутанэн (Christine Muttonen)

Крыстынэ Мутанэн, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, падчас сустрэчы з старшынём Савету Рэспублікі Беларусі Міхаілам Мясьніковічам заявіла пра заклапочанасьць у сувязі з арыштамі дэманстрантаў, а таксама зь дзеяньнямі, скіраванымі ў апошнія дні супраць арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Парлямэнцкай асамблеі.

Сустрэча Мутанэн і Мясьніковіча адбылася ў Санкт-Пецярбургу напярэдадні міжнароднай канфэрэнцыі па барацьбе зь міжнародным тэрарызмам, якая пачалася тут 28 сакавіка.

Спадарыня Мутанэн патрабавала вызваленьня зьняволеных. Яна таксама сказала Мясьніковічу, што асабіста цалкам падтрымлівае заявы ПА АБСЭ па сытуацыі ў Беларусі, зь якой на дзень раней выступілі старшыня камітэту па правах чалавека Парлямэнцкай асамблеі Ігнасьё Санчэс Амарыя і кіраўнік працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Кент Гэрстэт.

Так, старшыня камітэту заявіў, што «Беларусь, як краіна-удзельніца АБСЭ, узяла на сябе пэўныя абавязаньні, у тым ліку выконваць правы на мірныя сходы і дэманстрацыі. Масавыя арышты, якія адбыліся ў мінулыя выходныя, празьмернае ўжываньне сілы супраць дэманстрантаў, налёты на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці — усё гэта ўяўляецца парушэньнямі абавязаньняў АБСЭ».

А старшыня працоўнай групы па Беларусі падкрэсьліў: «Кожны арышт павінен адбывацца ў адпаведнасьці з прынцыпамі належнай прававой працэдуры. Калі ўлады ня маюць фактычных доказаў злачынстваў, якія нібыта былі зьдзейсьненыя, то яны павінны вызваліць тых, хто ўтрымліваецца пад вартай. А прэвэнтыўныя арышты, заснаваныя на падазрэньнях, не адпавядаюць міжнародным стандартам».

Мясьніковіч, паводле прэсавай службы Парлямэнцкай асамблеі, запэўніў Мутанэн, што ўлады ў адказ на дэманстрацыі прытрымліваюцца законнасьці, а ў дачыненьні да арыштаваных дэманстрантаў — працэсуальных нормаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG