Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы накіравалі ў Палату прадстаўнікоў прапановы ў закон аб мітынгах. Што яны просяць


Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і цэнтру «Прававая ініцыятыва» на пачатку сакавіка ўзялі ўдзел у паседжаньні дзяржаўнай рабочай групы па дапрацоўцы праекту закону аб масавых мерапрыемствах. Цяпер яны накіравалі свае прапановы старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях правоў чалавека Андрэю Навумовічу.

Сайт «Вясны» пераказвае, што прапануюць праваабаронцы для абнаўленьня закону пра мітынгі і сходы.

Перастаць лічыць усё «іншымі масавымі мерапрыемствамі»

Цяперашні закон мае фармулёўку «іншыя масавыя мерапрыемствы», да якіх можна залічыць хоць экскурсію, хоць пасадку дрэваў, а гэта ўскладняе іх правядзеньне, часам робіць немагчымымі такія імпрэзы. Праваабаронцы прапануюць лічыць «іншымі масавымі мерапрыемствамі» тыя, што плянуюцца на больш як 100 чалавек і праводзяцца па-за памяшканьнямі. А падзеі да 100 чалавек і ў памяшканьнях не рэгуляваць законам «Аб масавых мерапрыемствах».

Перастаць лічыць масавымі сходамі «пасядзелкі на кухні»

Цяпер закон дазваляе назваць сходам і караць яго за некарэктнае правядзеньне хіба не любую супольную актыўнасьць грамадзянаў, няхай гэта будзе дыскусія некалькіх чалавек у кагосьці дома на кухні. Праваабаронцы прапануюць для «сходаў» фармулёўку «прысутнасьць грамадзянаў у загадзя абумоўленым публічным месцы па-за будынкамі і іншымі месцамі, куды няма вольнага доступу, у вызначаны час, дзеля калектыўнага абмеркаваньня пытаньняў, якія ўяўляюць масавы інтарэс».

Перастаць лічыць адзіночны пікет масавым

Закон цяпер рэгулюе ў тым ліку правядзеньне адзіночных пікетаў — за такія могуць аштрафаваць ці пасадзіць на 15 сутак, калі нешта робіцца няправільна (напрыклад, не заключаная дамова на ахову тэрыторыі ці прыборку пасьля пікету). Праваабаронцы мяркуюць, што «адзіночны» ня значыць «масавы».

Дазволіць не плаціць за ахову, мэдыкаў і прыборку на мітынгах

Праваабаронцы лічаць, што абавязковая плата за ахову, мэдычнае абслугоўваньне і прыборку на масавых мерапрыемствах справядлівая для камэрцыйных і спартовых акцыяў, але ня варта рабіць платнай рэалізацыю права грамадзянаў на свабоду выказваньня і свабоду сходаў.

Перастаць забараняць мітынгі побач з мэтро

Праваабаронцы мяркуюць, што цяпер у законе няма дакладных крытэраў таго, дзе можна і дзе нельга праводзіць мітынгі — гэта вырашаюць мясцовыя ўлады (так, у Менску нібы і нельга праводзіць мітынгі побач са станцыямі мэтро, але ня раз дазваляліся акцыі побач з мэтро «Акадэмія навук»). Таму яны прапануюць прызначыць сталымі месцамі для масавых акцыяў «любыя прыдатныя» для такіх сходаў месцы і дакладна пералічыць у законе, дзе нельга ладзіць мітынгі.

Дазволіць «антымітынгі»

Цяпер закон забараняе праводзіць сходы супраць нейкай ідэі побач зь мітынгам за гэтую ідэю. Калі дзьве групоўкі з процілеглымі ідэямі просяць дазволу на мітынгі ў адзін час у адным месцы, праваабаронцы прапануюць аддаваць перавагу тым, хто першы падаў заяўку, а другім, калі яны настойваюць на тым жа месцы і часе, дазволіць гэта, «прыняўшы меры да правядзеньня такога сходу пры ўмове мірнага характару».

Дазволіць «спантанныя сходы», калі нешта здарылася

Калі здарылася нешта надзвычайнае, закон не прадугледжвае нейкіх паскораных працэдураў падачы заяўкі на масавы сход. Праваабаронцы лічаць, што варта прадугледзіць нейкую працэдуру арганізацыі «спантанных сходаў» і дазволіць іх без дадатковых працэдур, калі бярэ ўдзел ня больш за 100 чалавек. За «незаконныя» спантанныя сходы прапануюць не караць «пры наяўнасьці абгрунтаваных прычынаў» невыкананьня патрабаваньняў ва ўзгадненьні сходу.

Дазволіць ствараць партыі без дазволу на мітынг

Для стварэньня палітычнай партыі ці грамадзкага аб’яднаньня цяпер трэба праводзіць устаноўчыя мерапрыемствы, якія падпадаюць пад рэгуляваньне закону, датычнага мітынгаў і сходаў, нават калі праводзяцца ў памяшканьні. Праваабаронцы прапануюць выключыць устаноўчыя сходы з гэтага закону.

Перастаць караць за запрашэньні на мітынгі

Цяпер беларусам, з аднаго боку, гарантуецца права на атрыманьне інфармацыі аб дзейнасьці палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, але з другога боку, забараняецца інфармаваньне аб правядзеньні мітынгаў і сходаў, яшчэ не дазволеных мясцовымі ўладамі. Праваабаронцы мяркуюць, што штрафаваць за інфармаваньне і заклікі да мітынгаў ня варта — варта толькі караць тых, што парушае парадак на масавых мерапрыемствах.

Даць працаваць на мітынгах пазаштатным карэспандэнтам

Цяпер асьвятляць мітынгі могуць толькі штатныя работнікі СМІ. Праваабаронцы прапануюць увесьці ў законы пасаду «пазаштатнага карэспандэнта» для тых, хто супрацоўнічае са СМІ на падставе грамадзянска-прававой дамовы, бо цяпер такія людзі лічацца звычайнымі мітынгоўцамі (але за асьвятленьне мітынгаў цяпер караюць як за іх правядзеньне нават штатных карэспандэнтаў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG