Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін прыдумляе новыя падаткі і падвышае старыя


Прычына — пустая казна, перакананы экспэрт.

Міністэрства фінансаў падрыхтавала праект закону «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь».

Сярод іншага ў дакумэнце ёсьць прапанова ўвесьці падвышаную стаўку падаходнага падатку ў памеры 16% для тых, у каго падатковыя органы выявяць перавышэньне выдаткаў над прыбыткамі. Цяпер з такой розьніцы трэба сплачваць 13%.

Акрамя таго, грамадзяне, якія здаюць у арэнду жыльлё, месца на паркоўках або нежылыя памяшканьні без заключэньня дамоваў, павінны выплачваць стаўку падаходнага падатку, павялічаную ў пяць разоў. Канкрэтны памер ставак у фіксаваных сумах вызначаецца абласнымі і Менскім гарадзкім саветамі дэпутатаў у залежнасьці ад катэгорыі населенага пункта і раёну.

У праекце закону прапануецца абкладаць падаходным падаткам занадта азартных беларусаў. Адмысловы пункт мяркуецца дапоўніць наступным дадаткам:

«Стаўка падаходнага падатку зь фізычных асобаў усталёўваецца ў памеры 4% у дачыненьні да даходаў у выглядзе выйгрышаў, атрыманых фізычнымі асобамі ад арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры гульнявога бізнэсу».

Ініцыятывы Міністэрства фінансаў для Радыё Свабода пракамэнтаваў эканаміст Аляксандар Сасноў:

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

«Пачнём з таго, што гэта звычайны пошук грошай, казна пустая. Дрэнна, што ўсіх мераюць агульна, без індывідуальнага падыходу. Скажам, нехта атрымлівае грошы ад родных з-за мяжы, і на выхадзе ў яго можа быць патрачана болей, чым ён легальна атрымаў па ведамасьцях. Не сумняюся, што наш народ знойдзе выйсьце, але асадак, як кажуць, застанецца. Што тычыцца павелічэньня стаўкі падаходнага падатку на арэнду, то ў выніку гэта ляжа на плечы тых, хто наймае, — трэба ж нейкім чынам выдаткі кампэнсаваць? Вытрымаюць — добра, а кале не — дзяржава зноў будзе ў стратах. Карацей, хочуць зарабіць, нічога не рабіўшы.

На падаткаабкладаньні тых, хто гуляе ў азартныя гульні, дзяржава таксама не разбагацее. „Прыход“ можа зьменшыцца кардынальна. Калі раней нехта гуляў і ведаў, што за атрыманы выйгрыш плаціць ня трэба, то цяпер пачнецца пошук варыянтаў, як абысьці бар’еры. У выніку прыбытковая сфэра паступова сыдзе ў цень».

Таксама можа вырасьці і падатак для рамесьнікаў, які цяпер складае 1 базавую велічыню — 180 тысяч рублёў. Стаўку збору за ажыцьцяўленьне падобнай дзейнасьці прапануецца павысіць да 4 базавых велічынь для ўсіх платнікаў, акрамя інвалідаў і тых, хто дасягнуў пэнсійнага ўзросту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG