Амэрыканскі мільярдэр Боўлі заявіў аб выкупе замежных актываў падсанкцыйнай расейскай кампаніі «Лукойл»

Нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Лукойл», архіўнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Лукойл», архіўнае фота
Слухаць
3 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

З 2022 году на расейскую нафтавую кампанію «Лукойл» накладзеныя санкцыі ЗША, а з 2025 году — Эўразьвязу.

Амэрыканскі мільярдэр, сузаснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі Eldridge Industries Тод Боўлі паведаміў Reuters, што падпісаў пагадненьне аб куплі замежных актываў «Лукойлу». Разам зь ім у пагадненьні ўдзельнічае дзяржаўная Карпарацыя міжнароднага разьвіцьця ЗША (DFC) і два прыватныя партнэры.

Пакупнікі актываў «Лукойлу» прапануюць абмяняць іх на каштоўныя паперы кампаніі на суму 10 млрд даляраў. Паперы раней выкупілі ў заходніх фондаў і банкаў. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну яны былі замарожаныя і страцілі каштоўнасьць для замежных інвэстараў.

Пры гэтым паперы не перададуць «Лукойлу» наўпрост, каб Міністэрства фінансаў ЗША магло ўхваліць угоду. Паводле крыніц Reuters, іх разьмесьцяць на спэцыяльным рахунку ў ААЭ.

Ідзецца пра замежныя актывы «Лукойлу» ў 11 краінах, у тым ліку нафтавыя радовішчы ў Азэрбайджане і Казахстане, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Нідэрляндах, Баўгарыі і Румыніі, а таксама сеткі заправак. Крыніцы агенцтва ацэньваюць гэтыя актывы прыкладна ў 16 млрд даляраў.

ЗША праз DFC атрымаюць долю ў бізнэсе і змогу ўдзельнічаць у кіраваньні, а пазьней і атрымліваць прыбытак. Памер долі гэтай дзяржаўнай карпарацыі не раскрываецца.

Чаму гэта важна

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць кампаніяў «Лукойл» і «Роснефть» 22 кастрычніка 2025 году. З словаў прэзыдэнта Дональда Трампа, ён спадзяваўся, што гэта паўплывае на заканчэньне вайны Расеі супраць Украіны.

Санкцыі прывялі да рэкордных зьніжак на расейскую нафту, а галоўныя пакупнікі — кітайскія й індыйскія нафтаперапрацоўнікі — сталі выключаць яе з новых тэндэраў.

Раней цікавасьць да актываў «Лукойлу» праяўлялі некалькі кампаніяў, у тым ліку буйныя амэрыканскія нафтавыя кампаніі Exxon Mobil і Chevron, вугорская нафтагазавая кампанія MOL. У студзені амэрыканская інвэстыцыйная кампанія Carlyle папярэдне дамовілася аб іх куплі, аднак канчатковае ўзгадненьне зь Міністэрствам фінансаў ЗША гэтай угоды зацягнулася.

Эўразьвяз у сваім 19-м пакеце санкцыяў (ад 23 кастрычніка 2025 году) таксама наклаў санкцыі на «Лукойл».

Многія НПЗ «Лукойлу» на тэрыторыі Расеі трапілі пад атакі ўкраінскіх сілаў.

​
XS
SM
MD
LG