Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міклаш Харасьці: «Урад Беларусі вярнуўся да палітыкі шырокамаштабных рэпрэсіяў»


Адмысловы дакладчык ААН для Беларусі Міклаш Харасьці (Miklos Haraszti)
Адмысловы дакладчык ААН для Беларусі Міклаш Харасьці (Miklos Haraszti)

Адмысловы дакладчык ААН для Беларусі адзначае «хуткае і рэзкае пагаршэньне» сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Праваабарончы цэнтар «Вясна» таксама канстатуе пераход ад «мяккіх» практык штрафаў да жорсткіх гвалтоўных захадаў для спыненьня масавых пратэстаў.

14 чэрвеня на сэсіі Рады правоў чалавека ААН адмысловы дакладчык ААН для Беларусі Міклаш Харасьці падасьць справаздачу, у якой прааналізуе падзеі ў Беларусі з 1 красавіка 2016 па 31 сакавіка 2017 году.

Тэкст дакладу апублікаваны на сайце вярхоўнага камісара ААН у пытаньнях правах чалавека.

«Рэпрэсіі дасягнулі сваёй кульмінацыі на 25 сакавіка»

Спадар Харасьці выказвае жаль у сувязі з хуткім і рэзкім пагаршэньнем агульнай сытуацыі з правамі чалавека, вяртаньнем ураду Беларусі да палітыкі шырокамаштабных рэпрэсіяў. Ён занепакоены рэакцыяй уладаў Беларусі на пратэсты супраць дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

«Рэпрэсіі дасягнулі сваёй кульмінацыі на 25 сакавіка (Дзень Волі), дзень народнага, але не прызнанага афіцыйна сьвяткаваньня нацыянальнай незалежнасьці. Акрамя таго, улады зьвярталіся да прэвэнтыўных затрыманьняў палітычных апанэнтаў і грамадзкіх актывістаў, некаторыя зь якіх прайшлі без агалоскі, а іншыя суправаджалася публічнымі абвінавачаньнямі ў рыхтаваньні збройнай змовы з мэтай скінуць урад, што дае магчымасьць прымусіць апанэнтаў замаўчаць на некалькі гадоў», — цытуе БелаПАН даклад спадара Харасьці.

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

У дакладзе гаворыцца, што за час сакавіцкіх пратэстаў розныя формы рэпрэсіяў за ўдзел у акцыях пратэсту зазналі больш як 900 чалавек.

«Сакавіцкая хваля масавых затрыманьняў аказалася самай суровай з часоў рэпрэсіяў, якія ішлі за выбарамі ў сьнежні 2010 году», — піша Харасьці.

У дакладзе гаворыцца, што ў сакавіку 2017 году беларускія СМІ сутыкнуліся з «надзвычайным націскам з боку ўладаў», — было зафіксавана 123 выпадкі парушэньня правоў журналістаў.

Харасьці таксама зьвяртае ўвагу на выкананьне чатырох сьмяротных прысудаў, прычым справы трох з чатырох расстраляных на момант выкананьня прысуду знаходзіліся на разглядзе Камітэту правоў чалавека ААН. Акрамя таго, былі вынесеныя чатыры новыя сьмяротныя прысуды.

Замест штрафаў — зноў арышты, прэвэнтыўныя затрыманьні, рэпрэсіі

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што ў дакладзе Харасьці даволі шмат спасылак менавіта на іхны праваабарончы цэнтар, і высновы пераважна паўтараюць тое, што піша «Вясна» ў сваіх штомесячных аглядах:

«Мы, пачынаючы з сакавіка, якраз канстатуем пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека. Паколькі нашы ўлады ад „мяккіх“ практык, якія мы назіралі са жніўня 2015 году (ад вызваленьня палітычных зьняволеных) — замена арыштаў штрафамі — перайшлі да звыклай практыкі спыненьня масавых пратэстаў, да арыштаў і шырокага спэктру гвалтоўных, рэпрэсійных дзеяньняў (уключна з прэвэнтыўнымі затрыманьнямі, арыштамі апазыцыі).

Вядома, у краіне бракуе сыстэмных зьменаў, фактычна іх і не было. Мы ў свой час віталі прыняцьце Міжведамаснага пляну па правах чалавека, ацэньваючы гэты факт станоўча. Але пры гэтым вымушаны адзначаць, што пакуль мы ня бачым зрухаў у рэалізацыі, увасабленьні гэтых рэкамэндацыяў.

Хаця ў свой час мы казалі, што, натуральна, ня ўсе рэкамэндацыі, якія Беларусь атрымала ў выніку праходжаньня другога раўнду Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду, былі ўключаныя ў Міжведамасны плян. Там праігнараваныя і многія рэкамэндацыі іншых міжнародных кантрольных мэханізмаў. Можна назваць рэкамэндацыі Камітэту сацыяльных, эканамічных і культурных правоў ААН, і той жа Харасьці неаднаразова даваў шмат розных рэкамэндацыяў.

У ААН Беларусь супрацоўнічае ў межах сваіх абавязаньняў таксама вельмі выбарачна — той жа мандат адмысловага дакладчыка для краіны не прызнаюць, рашэньні ААН не выконваюць, і гэтак далей.

То бок пакуль мы бачым пэўную рыторыку пра выкананьне правоў чалавека. У прыватнасьці, спадарыня Купчына расхвальвала прыняцьце Міжведамаснага пляну. Але пакуль што мы ня бачым, як ён ажыцьцяўляецца. Да таго ж відавочна, што туды ня ўлучаныя прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў».

Адмысловы дакладчык лічыць неабходным працягваць міжнароднае назіраньне за сытуацыяй у Беларусі, бо «яно застаецца вельмі важнай крыніцай дапамогі для грамадзян і ўраду Беларусі».

«Прызнаньне таго, што ўрад выконвае свае міжнародныя абавязаньні, павінна грунтавацца на паказчыках у галіне правоў чалавека, а не на расплывістай прыхільнасьці або геапалітычных меркаваньнях», — гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтар зноў заяўляе пра сваю гатоўнасьць супрацоўнічаць з урадам Беларусі. (Афіцыйны Менск адмаўляецца супрацоўнічаць з Харасьці і не дае яму дазволу наведаць краіну.)

Даклад утрымлівае шэраг рэкамэндацыяў для ўладаў Беларусі. У прыватнасьці, рэкамэндуецца «спыніць усе бягучыя рэпрэсіўныя працэдуры, пачатыя ў сьвятле нядаўніх грамадзкіх пратэстных рухаў, і вызваліць усіх палітычных зьняволеных, паасобных людзей і журналістаў», а таксама пакласьці канец масавым затрыманьням і адвольным арыштам у адказ на правядзеньне мірных сходаў.

Харасьці заклікае адмяніць дэкрэт № 3 і артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Уладам рэкамэндавана адмовіцца ад «палітыкі, заснаванай на выдачы дазволаў і акрэдытацыі, і разьвіваць паведамляльную сыстэму, каб забясьпечыць выкананьне правоў на свабоду сходаў, асацыяцый і свабоднае выказваньне думак».

Рэкамэндуецца таксама зарэгістраваць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і палітычныя партыі, якім раней было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Міклаш Харасьці заклікае Менск увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і «пакласьці канец практыцы дыскрымінацыі ў дачыненьні да пэўных асоб і груп, якія апынаюцца ў ізаляцыі з прычыны іх прыналежнасьці да меншасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG