Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукоў будуць штрафаваць за няправільныя пахаваньні хатніх жывёлаў


Нелегальныя могілкі хатніх жывёлаў на паўднёвым усходзе Менску
Нелегальныя могілкі хатніх жывёлаў на паўднёвым усходзе Менску

Менская гарадзкая вэтэрынарная станцыя паведаміла minsknews.by пра ўвядзеньне ў горадзе патрабаваньняў да пахаваньня і ўтылізацыі памерлых хатніх жывёлаў. Парушэньне правілаў можа карацца штрафам да 20 базавых велічыняў (420 рублёў).

Патрабаваньні рэглямэнтуюцца правіламі «Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэньні распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней і іншых небясьпечных захворваньняў жывёлаў».

Забараняецца выкідаць парэшткі жывёлаў у вадаёмы, балоты, лясныя масівы, кантэйнэры для побытавых адкідаў, а таксама вывозіць іх на палігоны для хаваньня адкідаў і іншыя не прызначаныя для хаваньня жывёлаў аб’екты.

Легальных могілак хатніх жывёлаў у Беларусі няма. Толькі пад Менскам існуе зь дзясятак могілак хатніх жывёлаў (самыя вялікія — каля вуліцы Старынаўскай ва Ўруччы), але ўсе яны стыхійныя, нелегальныя.

Легальна хаваць хатніх жывёлаў могуць толькі прадстаўнікі камунальных унітарных прадпрыемстваў «Экарэс» і «Фаўна гораду», але хаваюць жывёлаў на скотамагільніку на 14-м кілямэтры Ракаўскай шашы, у біятэрмічных ямах, яны ж «ямы Бэкары», масава і без надмагільляў, за высокім плотам. Таксама ў Менску існуе дзяржаўны крэматорый для жывёлаў (на вуліцы Паўленскага, 7а, за Вялікім Трасьцянцом).

Раней за нелегальныя пахаваньні хатніх жывёлаў пагражалі штрафаваць паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэксу за невыкананьне правілаў утрыманьня жывёлаў (штраф ад 1 да 15 базавых велічыняў), але выпадкі, каб такія штрафы прысуджаліся, невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG