Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паскардзіўся прынцу Кенцкаму, што «Брытанія не цікавілася Беларусьсю»


На сустрэчы з чальцом брытанскай каралеўскай сямʼі прынцам Майклам Кенцкім Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «разьлічвае на адкрыцьцё новай старонкі ў адносінах паміж Беларусьсю і Вялікай Брытаніяй».

Як перадае БелТА, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў сфэры міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікай Брытаніі непераадольных пытаньняў няма.

«Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікая Брытанія, напэўна, ня вельмі цікавілася сытуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватэры дзеяньняў Брусэля, — сказаў Лукашэнка і дадаў, што прыезд прынца паспрыяе таму, што «вельмі многія палітыкі і бізнэсмэны, якія зацікавяцца Беларусьсю, атрымаюць гэтую характарыстыку з вуснаў прынца».

Лукашэнка адзначыў, што Вялікая Брытанія ўваходзіць у лік асноўных партнэраў Беларусі ў пытаньнях гандлю і інвэстыцыяў.

«Гэта добрая аснова для нашага далейшага супрацоўніцтва. Я хачу, каб вы ведалі, што мы сумленна і шчыра чакаем ваш бізнэс у Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў за вялікую дабрачынную дапамогу, якую Вялікая Брытанія аказвае дзецям з тэрыторыяў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Прынц Майкл Кенцкі сказаў, што ён першы прадстаўнік брытанскай каралеўскай сямʼі, які наведвае Беларусь. Паводле ягоных слоў, гэты візыт асабліва зьвязаны са сфэрай бясьпекі на дарогах. Прынц таксама пагадзіўся зь неабходнасьцю разьвіваць і паляпшаць беларуска-брытанскія гандлёвыя адносіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG