Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвіцьцё дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам і ЗША ў Макея выклікае аптымізм, перадае БелаПАН​ заяву міністра замежных спраў Беларусі Уладзімера Макея на адкрыцьці першай Канфэрэнцыі ганаровых консулаў Беларусі 3 кастрычніка ў Менску.

«Удзячны эўрапейскім і амэрыканскім партнэрам за тое, што ўсе бакі знайшлі сілы, каб адкінуць штучныя абвінавачваньні ў адрас адзін аднаго, сесьці за стол перамоваў і выпрацаваць правілы зносін, — сказаў Макей. — Мы прапанавалі партнэрам шчыры і сумленны дыялёг па ўсіх, нават самых адчувальных, пытаньнях і выпрацавалі рашэньні».

Паводле Макея, «пазытыўная атмасфэра» у стасунках з ЭЗ і ЗША «паступальна пашыраецца», Беларусь «мае намер працягваць гэты дыялёг».

Як кажа Макей, Беларусь хоча і мае намер рухацца далей эвалюцыйным, а не рэвалюцыйным шляхам:

«Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва і ня хоча, каб адбываліся такія рэчы, якія адбываюцца ў некаторых іншых краінах. Мы ня хочам рэвалюцый і хочам рухацца не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам».

Паводле Макея, Беларусь мае намер і далей праводзіць выразную мэтанакіраваную лінію на забесьпячэньне міру ў рэгіёне і на кантынэнце ў цэлым:

«Шэраг пасьлядоўных і канструктыўных крокаў Беларусі і агучаных намі ініцыятыў спрыялі ўмацаваньню пазыцыі Менску як перамоўнай пляцоўкі ў рэгіянальных праблемах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG